Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нашага першага дапушчэньня, згодна якога гравюры „Псалтыру“ i „Кніжыцы“ павінны быць прыпісаны нейкаму падарожніку Скарыны — беларусу. Але магчыма дапусьціць і другое. У вапошнім з апублікаваных А. Мілавідавым кёнігсбэрскіх докумэнтаў, а ўласна ў пасланьні караля Альбрэхта віленскаму ваяводзе Гаштольду ад 26 мая 1530 году, апавядаецца, што, варачаючыся з Кёнігсбэргу ў Вільню, Скарына вывез адтуль з сабой нейкага невядомага нам па прозьвішчы гэбрая, які займаў пры двары караля пасаду прыдворнага доктара і друкара адначасна[1]. Пэрыод, да якога належыць гэты докумэнт, наагул зьяўляецца адным з найбольш цёмных у жыцьці Францішка Скарыны. З дакладнасьцю нам невядомы ані прычыны вандроўкі Скарыны ў Кёнігсбэрг, ані мотывы, якія прымусілі яго ў канцы гэтае падарожы пайсьці на некалькі недалікатны ў адносінах да прускага ўраду ўчынак і перанадзіць да сябе вышэйпамянёнага друкара, што выклікала з боку караля Альбрэхта зусім справядлівае абурэньне. Відавочна, аднак, што паколькі ў 1530 г. Скарыне патрабаваўся друкар, — пастолькі, значыцца, у гэты час ён яшчэ будаваў нейкія выдавецкія пляны і меў замер займацца надалей у Вільні сваёю друкарскаю справаю, прычым патрэба ў новым друкары сьведчыць аб нейкіх спэцыяльных запатрабаваньнях, якія былі ім прад‘яўлены да намечаных новых выданьняў. Вязьці звычайнага друкара з Нямеччыны ў Вільню ня мела-б ніякага сэнсу, такія друкары ў той час у Вільні напэўна былі, довадам чаму зьяўляецца надрукаваны Скарынай яшчэ за 5 год да таго — у 1525 годзе, „Апостал“. Але магчыма, што віленскія друкары ня ў поўнай меры задавальнялі Скарыну, і ўласна — з аднаго боку: там ня было, як відаць, спэцыялістых друкароў-гравёраў, паслугамі якіх ён заўсёды карыстаўся раней, так што першае віленскае выданьне — „Апостал“ 1525 г., — у процілегласьць ранейшым, праскім, было зусім без гравюр і ўзбагачана толькі орнамэнтальнымі аздобамі — застаўкамі і загалоўнымі літарамі, — дошкі для якіх, да таго-ж, мабыць былі зроблены яшчэ ў Празе. Такім чынам, калі ў 1530 годзе Скарына меў патрэбу ў новым друкары, — дык патрэба гэтая, хутчэй за ўсё, выклікалася жаданьнем не абмяжоўвацца ў сваёй наступнай, падрыхтаванай да друку кніжцы аднэй толькі орнаментальнай графікай па прыкладзе „Апостала“, але аздобіць яе таксама і паасобнымі сюжэтнымі гравюрамі як гэта было ў праскіх выданьнях. Тады магчыма, што прывезены з Кёнігсбэргу друкар якраз і зьявіўся аўтарам гравюр „Малое Падарожнае кніжыцы“, якая ў такім выпадку павінна быць датавана ня 1525 годам, як гэта звычайна лічыцца, але не раней 1530 году. Ён-жа мог быць і аўтарам гравюр праскага „Псалтыру“; магчыма дапусьціць, што Скарына не ўпяршыню пазнаёміўся

  1. „Dum eramus Cracoviae non ita pridem, detulit se nobis iudeus aliquis, medicam artem se profiteri asserens… Cujus petionibus nostris subditis non infrugiferiae existimatis benigne subscripsimus atque concessimus: et ad civitatem nostram Regiomontanam se una contulit… Interim quoque aderat Doctor aliquis Franciscus Scorina, quem et in familiam nostram aulicam accepimus. Is ob sua negocia, quae Vilnae habere et ibi se commorari asserebat, datis quoque ad Magnificentiam Vestram nostris cum illo litteris se proficiscens, verborum forte suorum lenociniis hominem istum iudeum nostrum Typographum secum clam abduxit…“ („Ня так даўно, калі мы былі ў Кракаве, зьявіўся да нас нейкі юдэй, які казаў, што ён займаецца мэдычнай навукай… Палічыўшы патрэбным не пакінуць бяз вынікаў зьвернутыя да нас яго просьбы, мы ласкава згадзіліся і дазволілі, каб ён разам з намі накіраваўся ў сталіцу нашую Кенігсбэрг… Тым часам там таксама знаходзіўся нейкі доктар Францішак Скарына, якога мы прынялі ў лік нашых прыдворных. Гэты апошні, дзеля свайго прадпрыемства, якое па яго запэўненьнях ён меў у Вільні, месцы сталага свайго мяшканьня, і карыстаючыся граматамі, дадзенымі намі яму на імя Вашага Шаноўства, а таксама, быць можа, і з дапамогаю лісьлівасьці слоў сваіх, — гэтага чалавека, юдэя, нашага друкара, патаемна ўвёз з сабою…“). А. Миловидов. Новые документы, относящиеся к биографии Франциска Скорины. „Известия Отд., Рус. яз. и Словесн., Российской Академии Наук“. Т. ХХІІ, кн. 2. Пг. 1918. Ст. 225-226.