Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

фігуры Марыі, у палажэньні рук, і наагул у разьмяшчэньні групы ў зачыненым памяшканьні з акном на заднім пляне, якога мы зусім не знаходзім у Шэдэля. Аднак, мала магчыма, каб у гэтым выпадку меў месца беспасрэдны ўплыў, напрыклад, „добравешчаньня“ з вышэйпамянёнага, „Hortulus animae“ 1520 г. на адпаведную гравюру ў „Малой Падарожнай кніжыцы“, бо ў іншых гравюрах, а таксама ў застаўках, уплыў гэты зусім не наглядаецца. Хутчэй за ўсё — усе памянёныя намі композыцыі ўвасходзяць да нейкага адзінага супольнага орыгіналу, магчыма да вядомага „добравешчаньня“ Мартына Шонгаўэра[1].

У межах-жа данае групы скарынавых гравюр цікава адзначыць вядомае падабенства тыпу Марыі да аналёгічнага вобразу ў „генэалёгіі Ісуса“ з праскага „Псалтыру“ 1517 г.


Разглядаючы першую групу ў цэлым, трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на тое, што на падставе вядомага стылістычнага і іконаграфічнага падабенства мы прымушаны аднесьці да яе з аднаго боку — дзьве гравюры з першага выданьня Скарыны, г. зн. з праскага „Псалтыру“ 1517 г., з другога боку — таксама дзьве гравюры з апошняга яго выданьня — „Малое Падарожнае кніжыцы“, надрукаванае ўжо ў Вільні, як гэта звычайна лічыцца — прыблізна каля 1525 г. З пэўнасьцю трудна сказаць, на чым грунтуецца гэтае падабенства. Магчыма, што аўтары (або аўтар) віленскіх гравюр проста карысталіся гравюрамі праскімі як нейкімі першаўзорамі; але незразумела тады, чаму яны спыніліся толькі на гравюрах з „Псалтыру“, не скарыстаўшы значна болей выдатных і дасканалых дрэварытаў „Бібліі“. Праўда, па зьмесьце гравюры „Псалтыру“ бліжэй падыходзяць да характару „Малое Падарожнае кніжыцы“; але гэта яшчэ замала, бо і адпаведны „Кніжыцы“ зьмест мог-бы быць лёгка ўкладзены ў лепш распрацаваныя з стылістычнага боку формы біблійных гравюр. Такім чынам, дапушчэньне аб перайманьні не высьвятляе пытаньня цалкам, і ня можа лічыцца бясспрэчным. Другое дапушчэньне патрабуе прызнаньня поўнае тоесамасьці аўтара дрэварытаў праскага „Псалтыру“ і віленскае „Кніжыцы“; гэтае дапушчэньне таксама ня мае бясспрэчных падстаў, асабліва таму, што з тэхнічнага і стылістычнага боку паміж гравюрамі „Кніжыцы“ і „Псалтыру“ нельга правесьці поўнае аналёгіі; але магчыма, што частковае непадабенства стылю і тэхнічных прыёмаў тлумачыцца ў гэтым выпадку вядомай эволюцыяй мастацкае манеры гравёра за той даволі значны прамежак часу, які аддзяляе першыя дрэварыты ад апошніх. У такім разе можна дапусьціць, што той-жа самы гравёр, вытворы якога зьмешчаны ў праскім „Псалтыру“, прымаў удзел таксама і ў аздабленьні „Малое Падарожнае кніжыцы“, прычым у некаторых выпадках у гэтай апошняй працы выявіліся сьляды ўплыву, магчыма і не беспасрэднага, пазьнейшых выданьняў, накшталт хоць бы вышэйпамянёнага намі нюрэнбэрскага „Hortulus animae“ 1520 г.

Зразумела, што з поўнай дакладнасьцю вызначыць гэтага аўтара немагчыма. Але ў кожным выпадку, — калі гэтым аўтарам ня быў толькі сам Францішак Скарына, што мала праўдападобна, — ён справаджаў Скарыну і ў Празе і ў Вільні, і, значыцца, або належаў да ліку падарожнікаў, узятых ім за рубеж з Беларусі, або быў адным з зарубежных майстроў, які пазьней прыехаў да Скарыны ў Вільню. Некаторыя быццам беларускія дэталі ў орнамэнтальных мотывах праскага „Псалтыру“ (аб чым гутарка будзе ніжэй) — гавораць, бадай, на карысьць

  1. Гл. рэпродукцыю: Kristeller. Kupferstich und Holzschnitt in vier Jahrhunderten. Berlin 1905. Стар. 66.