Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з ім у Кёнігсбэргу, але сустракаўся яшчэ раней, у часе сваіх вандровак па Заходняй Эўропе, быць можа, нават, у Падуі, паколькі друкар гэты быў адначасна і доктарам. Пры першым спатканьні ён мог зрабіць дошкі для першага намечанага Скарынай выданьня, якія былі потым выкарыстаны ў праскім „Псалтыру“. Пазьней, у Празе, Скарына ўжо карыстаўся паслугамі цэлага шэрагу іншых мастакоў і, мабыць, ня меў патрэбы ў сваім першым майстры. Але апынуўшыся ў Вільні, дзе ня было адпаведных спэцыялістых, ён мог успомніць аб ім і прадпрыняць патрэбныя крокі для яго адшуканьня і скарыстаньня.

Усе гэтыя дапушчэньні грунтуюцца на дзьвёх пасылках: першае — што сам Скарына ня ведаў тэхнікі гравіраваньня і сам ніколі ня быў гравёрам; другое — што аўтар рысункаў да гравюр і гравёр-выканаўца іх, — гэта адна і тая-ж асоба. Першая з гэтых пасылак амаль што бясспрэчна, бо інакш вельмі цяжка было-б вытлумачыць самы факт прывозу друкара з Кёнігсбэргу. Што-ж датычыць другой, — дык гэта іншаясправа, і, адмаўляючыся ад думкі аб тоесамасьці аўтара і выканаўцы, можна высунуць яшчэ адно новае дапушчэньне: што аўтарам рысункаў быў сам Скарына, чым і тлумачыцца іконаграфічнае падабенства некаторых фігур у праскім „Псалтыру“ і ў віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“, выкананьне-ж іх было даручана розным гравёрам-разьбяром, дзеля чаго з тэхнічнага боку паміж тымі ды другімі гравюрамі і прыкмячаецца некаторая розьніца. Апошняе дапушчэньне не супярэчыць і першаму ў тых адносінах, што выкананьне віленскіх гравюр і тут можа быць прыпісана таму-жа невядомаму, вывезенаму з Кёнігсберга друкару.

Ня лічачы, аднак, аніводнага з гэтых вывадаў бясспрэчным і канчатковым, прыходзіцца адзначыць надзвычайную цяжкасьць пытаньня ў адносінах да першае, выдзеленае намі групы скарынавых гравюр, і заўважыць, што пры сучасным становішчы докумэнтальных крыніц высьветліць яго больш дакладна яшчэ немагчыма.


Другая група, у процілегласьць першай, складаецца выключна з дрэварытаў праскае „Бібліі“ 1517—1519 гадоў, уключае ў сябе значна большую колькасьць гравюр і вызначаецца поўным тэхнічна-стылістычным адзінствам. Для помнікаў гэтае групы зьяўляюцца характэрнымі: добры і выразны рысунак, значная тэхнічная дасканаласьць лінейнае трактоўкі, вялікія плястычна-модэляваныя фігуры з рэзка акрэсьленымі рысамі твараў. Ва ўсіх гравюрах зьмешчаны г. зв. „гэрб“ Скарыны са знакам зацьменьня[1]. Да гэтае групы належаць наступныя дванаццаць гравюр:

1. Портрэт Скарыны 1517 г. Існуе ў двох варыянтах, першы з якіх знаходзіцца ў канцы кнігі „Ісуса сына Сірахава“ 1517 г., другі-ж зьмешчаны ў кнізе „Бытія“ 1519 г. беспасрэдна ўсьлед за загалоўным аркушам. Памеры: 1-га варыянту — 105x161 mm.; 2-га варыянту — 104x158 mm. У композыцыйных адносінах абодва варыянты амаль што зусім тоесамы. На гравюры мы бачым Скарыну ў яго пакоі, у нізкім крэсьле перад пюпітрам, з пяром у правай руцэ над разьвінутай кнігай; другая кніга знаходзіцца направа ад яго на падстаўцы. Ён апрануты ў доктарскую мантыю і берэт, з-пад якога выбіваюцца доўгія валасы. Пюпітр пакрыты вузкім абрусам з бахрамой, орнамэнтам і вя-

  1. Аб гэтым „гэрбе“ гл. мой артыкул „Калі радзіўся Францішак Скарына“ ў № 5 часопісу „Полымя“, Менск. 1925 г.