Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ах, барада… барада… Ха-ха-ха…

У таго — у дурня таго — тож барада. Як недалужна, убога траслася яна на судзе. Бедная бародка. Яна так сьмешна чарнелася на зьбялелым ад страху твары, быццам адчувала сябе не на месцы, гатова была сарвацца, уцячы, пераскочыць на голы, але важны твар старшыні.

Весела, сьмешна было.

Як злосна барадач гэты зірнуў на яго пасьля прыгавору. А як ён крыкнуў:

— Падвёу, пагубіў!..

— Ха-ха-ха… Ну і падвёў, пагубіў. А сам выкруціўся, сам буду жыць, бо хачу жыць і ўмею…

Яроцкі салодка ўсьміхнуўся.

Ён здаволен сабой. Ён моцны, разумны. Ён бярэ ад жыцьця ўсё, што захоча. Для яго няма недаступнага. Усё ў яго волі.

Успомнілася, як валяўся ў нагах у яго барадач, як плакаў, маліў:

— Пашкадуй малых дзетак… Бяры ўсё, што хочаш, што хочаш рабі, толькі вызваль. Пагінуць усе…

— Дурань стары… Ха-ха… дзеткі… Думаў — пашкадую, заміж яго сяду у турму… Хо-хо, чаго захацеў.

І злосьць узьнялася ў Яроцкага на дурасьць людзкую.