Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Успомнілася яшчэ Натальля. Тож плакала, корчылася. Прасіла, каб узяў з сабой, каб ня кідаў, і яна — як згаварыліся — тож усё:

— Падвёў… Пагубіў…

Нібы слоў больш ня ведаюць.

Яроцкі зусім раззлаваўся. Прыкра стала, пагасла радасьць, здаволеньне. Лёг на канапу, каб заснуць. Паляжаў, паварочаўся, але не заснуў. І здалося, што гэта перашкаджае напорна-пісклявы храп з верхняй паліцы. У вочы агіднаю плямай уткнулася круглае пуза. Ух, распароць-бы яго!

Устаў, штурхануў. Той здрыгануўся спрасонку.

— Га? Што?..

— Куды едзеце?

— У Гомель… А што?..

— Больш нічога…

— Дык што вы мяшаеце спаць?

— Сьпеце, колькі ўлезе… Праваднік!.. Праваднік!..

Гыркнулі дзьверы.

— Вы мяне клікалі?

— Як прыедзем у N, разбудзеце…

— Слухаю…

Зноў ціха, спакойна. Вагон курлыкае ласкава.

Па целе млосьць, пацягушкі. Значыць можна заснуць.