— Я буду гаварыць аб Яроцкім, і вы можаце падумаць, што я раблю гэта з зайадрасьці.
Чамусьці Лідачцы сорамна стала. Нядобра так, прыкра. Чула, як набягае на твар хваля чырвані. А Горскі далей гаварыў-адсякаў цяжкія дзіўныя словы. Кожнае слова — удар па ўзрушаным сэрцы. Сухі ўдар і востры.
— Так. Я вас люблю. Гэта — бадай што не каханьне, такое, як разумеюць звычайна. Я люблю вас, як дзіця, можа прывык толькі, я сам у гэтым добра не разьбіраюся. Ну, вось… Пачынаю з прызнаньня. Гэта сьмешна, так?.. Я гавару гэта затым, каб яшчэ больш было яснасьці ў нас… Вы верыце мне, што я ня маю ніякай асаблівай мэты, што хачу гаварыць з вамі проста па дружбе?
Лідачка маўчала, утупіўшыся.
— Верыце ці не?
— Я, т. Горскі, заўсёды вас паважала. Чаму Вы пытаецеся?
— Добра. Цяпер да справы. Я бачу, што вы кахаеце Яроцкага, што вы захапіліся ім. Гэта дармо, гэта справа пачуцьця, як кажуць, справа сэрца. Я хачу толькі адкрыць вам вочы на тое, што выяўляе сабой гэты Яроцкі. Вы яго ня знаеце, лічыце не за таго, хто ён ёсьць, і, мне здаецца, гэта прычына вашага захап-