Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Да яго? Гутарыць? Не, гэта ня проста так, ён нешта хоча сказаць.

Як уваходзіла, білася сэрца. Ад цікавасьці і ад трывогі. Увашла ціхая і сур‘ёзная, мякка падняла на яго марудныя вочы, налітыя ціхім чаканьнем.

— Што скажа?

Ён ходзіць узад і ўперад, цьвёрда, важка становіць нагу, быццам падкрэсьлівае правільнасьць думкі свае. На твары звычайная ўглыблёнасьць, сур‘ёзнасьць. Прыгожы ён ці няпрыгожы? Нос усё-ткі даўгі. Брыдкі нос.

Сеў. Ага, і ў яго можа твар пакрывіцца ад абурэньня схаванага, і ў яго ў вачох мятушэньне? І нага вунь як дрыжыць у калені. Хвалюецца ён.

Горскі пачаў гаварыць сьціснутым, быццам скрозь зубы, голасам:

— Мне, Лідачка, дужа трудна гаварыць з вамі аб тым, аб чым я хачу і аб чым трэба з вамі пагутарыць. Я баюся, што вы растлумачыце йначай мае словы, дасьцё ім няправільны сэнс і, самае галоўнае, знойдзеце ім такую прычыну, якая, бязумоўна, будзе абразнай для мяне.

— Я вас не разумею.

Голас Горскага сьцьвярдзеў, стаў сухім, аднатонным.