тады цэлых тры дні без адхлыну гулялі… Дзяўчат панабралі, залезьлі ў нейкі цёплы прытулак на край гораду… і чаго толькі там не рабілі… Эх, дабро… Ёсьць што ўспомніць часамі… Быў у нас адзін старыкан, дзядзя Косьця мы звалі яго. Дык ён ведаеце, што вымудраў?..
І Яроцкі густымі яскравымі хварбамі стаў маляваць вострыя сцэны гулянкі, распусты.
Ён мастацка расказваў. Ён умеў захапіць чалавека, умеў да болю напінаць струны яго пачуцьця і граў на іх сьмела, рашуча, як віртуоз. Ён адразу знаходзіў у нутры чалавека інстынкты зьвярыныя і ўспарваў іх, узьбіваў у бурна-шалёную пену, каб захлынула яна ўсё нутро, каб затапіла ўсё чалавечае.
Шчупак слухаў яго, як зачарованы. Цяпер яшчэ больш скруглёныя вочы яго блішчэлі нездаровым вострым агнём, а вусны — рухавыя, мокрыя — то сьціскаліся сударгай, то распускаліся, расплываліся ў шырокую ўсьмешку грымасу. Раз по-разу ён корчыўся ўвесь, нахіляўся і рагатаў тоненька, брудна, як якоча паршывы шчанёнак.
Не пазнаць было Шчупака.
Бедны стары халасьцяк!
А Яроцкі і сам захапіўся. Ён ужо не расказваў, не. Ён ужо прапаведваў, выкладаў сваю веру, сваю тэорыю жыцьця. У гэты мо-