Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бібліотэка не магла даць нам больш ясных вестак, чым гэтыя малюнкі, і прывесьці нас да больш правільных вывадаў, чым тыя, якія мы маглі зрабіць па гэтых малюнках. Калі-небудзь у будучыне, як гэтая морская твань зробіцца вапнай, гэты вялізны горад зноў будзе выкінуты наверх якім-небудзь новым подыхам прыроды, і геолёгі будучыны, капаючыся ў сваёй здабычы, будуць даставаць ні каменчыкі і чарапашынкі, але рэшты зьніклай культуры і сьляды даўнейшай катастрофы.

Засталося нявырашаным толькі адно пытаньне, і гэта было — колькі прайшло часу з дня катастрофы. Профэсар Маракот знайшоў грубы спосаб зрабіць вылічэньне. Сярод мноства будынкаў каля вялізнага будынку быў вялізарны склеп, дзе хавалі правадыроў. Як у Эгіпце і Юкатане, тут прыняты звычай муміфіцыраваньня, і ў нішах сьцен было шмат радоў гэтых змрочных рэліквій мінулага. Мэнда з гонарам паказаў на наступную нішу ў сьцяне і даў нам зразумець, што яна была спэцыяльна зроблена для яго.

— Калі вы возьмеце сярэдні лік эўропэйскіх каралёў, — сказаў Маракот сваім профэсарскім тонам, — вы знойдзеце, што іх было каля пяці ў сталецьці. Мы можам прыняць той самы лік і тут. Нельга разьлічаць тут на навуковую дакладнасьць, але гэта дасьць нам прыблізнае ўяўленьне. Я палічыў муміі, іх чатырыста.

— Дык гэта выходзіць восем тысяч год?