Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і зьнік. Высокі маяк зваліўся і схаваўся пад вадою. Некаторы час стрэхі былі падобны да каменных скал, але і яны хутка зьніклі. Крэпасьць адна засталася на паверхні, бы той цудоўны карабель, а потым і яна паляцела бокам у багну, убраная беспараднымі людзьмі.

Жудасная драма скончылася, мора было над усім сухазем’ем, мора, якое паказвала ў сваіх вірох усе абломкі трагедыі, кіданыя хвалямі туды і сюды. Трупы людзей і жывёл, крэслы, сталы, вопратка, капялюшы, пакункі з таварамі, — усё гэта скакала і круцілася ў адным вялізным віры. Мы бачылі, як усё гэта паволі зьнікала, і вялікая белая прастора, гладкая і бліскучая, нібы тое жывое срэбра, з цьмяным сонцам на кругавідзе, паказала нам магілу цэлай краіны.

Гісторыя была скончана. Мы не маглі прасіць яшчэ большага, раз нашы мазгі і выабражэньне маглі дапоўніць рэшту. Мы ў думках бачылі краіну, якая цяпер была дном Атлянтычнага акіяну, а зруйнаваны горад ляжаў побач з каўчэгам ратунку, дзе была сабрана жменька напалоханых людзей. І, урэшце, мы зразумелі, як гэтыя людзі жылі, як яны скарысталі розныя вынаходкі, якімі прадбачаньне і веды іх вялікага правадыра надарылі іх; як ён наўчыў іх, перш, чым памерці, усім сваім ведам, і 50 — 60 выжыўшых людзей разрасьліся ў вялізную грамаду, якая павінна была пракопваць сабе дарогу ў нетры зямлі, каб адваяваць сабе месца. Ніякая навуковая