Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каўчэг быў гатовы і непранікальныя для вады дзьверы былі правераны, ён пачаў чакаць тэрміну разам з сям’ёй, прыяцелямі, пасьлядоўцамі і слугамі.

І час надышоў. Гэта было страшна нават на малюнку. Хто ведае, на што гэта было падобна сапраўды. Мы спачатку ўбачылі, як са спакойнага акіяну паднялася высачэзная гладкая вадзяная гара. Потым мы ўбачылі, як яна рухнула, панеслася ўсё далей і далей, усё больш шпарка, міля за міляй, вялізная, уся ў пене гара. Потым мы ўбачылі, як хваля стукнулася а бераг і затапіла горад, хаты-ж схіляліся перад ёю, нібы збожжа перад віхурай.

Мы бачылі, як людзі на стрэхах хат з жахам пазіралі на сваю сьмерць, з пакрыўленымі таварамі, з шырока расплюшчанымі вачыма, з пакрыўленымі ратамі, кусалі сабе рукі, бармочучы ў шаленстве жаху. Тыя-ж мужчыны і жанчыны, што зьдзекваліся з папярэджаньняў, цяпер прасілі неба аб ратунку, поўзаючы па зямлі або стоячы на каленях, і ў роспачы паднімалі рукі. Цяпер ужо ня было часу дасягнуць каўчэгу, які стаяў за горадам, але тысячы людзей кінуліся ў крэпасьць, што была на больш высокім месцы, і сьцены яе былі чорныя ад людзей. Але крэпасьць раптам пачала апушчацца, усё наўкол пачало апушчацца, вада заліла ўсе яміны і шчыліны зямлі, цэнтральны агонь зрабіў яе парай і самыя асновы краіны разьляцеліся ўсе ў розныя бакі. Горад пачаў апушчацца, усё апушчацца. Ад гэтага жаху мы і ўсе прысутныя крыкнулі. Мол разламаўся