спагляданьнем, аудыторыя-ж была рашчулена так, што стагнала або плакала, калі перад ёй разьвіналася трагедыя, якая малявала гібель іх радзімы, зьнішчэньне іх расы.
У першай частцы малюнкаў мы ўбачылі старое сухазем’е ў яго славе, як захавалася аб ім памяць, перадаючыся ад бацькоў дзецям гэтымі гістарычнымі летапісямі. Нам паказалі цудоўны від краіны, вялізных абшараў, добра абводненай з разумна зробленай ірыгацыяй, з вялізнымі палямі, пышнымі садамі, чыстымі рэчкамі, лясістымі ўзгоркамі, ціхімі вазёрамі, перасечанымі прыгожымі гарамі. Краіна гэта была ўсыпана вёскамі, маёнткамі і прыгожымі прыватнымі будынкамі. Потым наша ўвага была перанесена на сталіцу — прыгожы і дзіўны горад на морскім беразе. У гавані было шмат галер, берагі закіданы таварамі, а ахоўвалася яна высокімі сьценамі ды равамі, усё ў самых вялізных памерах. Хаты цягнуліся ўглыб краіны на шмат міль, а ў цэнтры гораду быў замак ці крэпасьць, — такі шырокі ды высокі, што ён здаваўся нейкім стварэньнем сну. Потым нам паказалі твары людзей, што жылі ў залаты век, мудрых і паважных дзядоў і мужных ваенных, прыгожых і рослых жанчын, мілых дзяцей, — апотэос чалавечай расы.
Потым зьявіўся малюнак другога роду. Мы бачылі войны, заўсёды войны, войны на зямлі і на моры. Мы бачылі згалеўшыя і безабаронныя натоўпы, якіх тапталі, душылі вялізныя брычкі ці