коньнікі, апранутыя ў панцыры. Мы бачылі горы багацьця, здабытага пераможнікамі, але, па меры таго, як павялічваліся багацьці, твары на экране рабіліся ўсё больш зьвярынымі ды чэрствымі. Усё ніжэй і ніжэй апушчаліся яны з пакаленьня ў пакаленьне. Мы бачылі разбэшчанасьць, моральнае выраджэньне і разумовы заняпад. Грубыя гульні, у якіх адны пакутвалі, а другія раскашавалі, замянілі былыя выпярэдніцтвы. Ня было больш ціхага і простага сямейнага жыцьця, ня было больш культуры. Мы бачылі людзей непакойных і пустых, якія кідаліся ад аднаго захапленьня да другога, вечна хапаліся за забавы, вечна не знаходзілі іх, усё думалі, што іх можна знайсьці ў якой-небудзь больш складанай і ненатуральнай форме. З аднаго боку зьявілася больш, чым багатая кляса, якая шукала толькі разбэшчанасьці, а з другога — больш чым бедныя людзі, усе функцыі якіх у жыцьці былі ў выкананьні жаданьня іхных гаспадароў, якія-б дурныя гэтыя жаданьні ні былі.
Але тут зноў зьявілася новая нота. Зьявіліся людзі, якія прабавалі павярнуць нацыю з яе дарогі зла і накіраваць яе зноў на лепшыя шляхі, якімі яна ганьбавала. Мы бачылі іх, гэтых сур’ёзных і старанных людзей. Яны пераконвалі народ, але мы бачылі і як з іх кпілі, і як іх зракаліся тыя, каго яны спрабавалі выратаваць. Галоўным чынам мы маглі бачыць, што проціў гэтых людзей ішлі жрацы Ваала, жрацы, якія дапусьцілі, каб знадворныя