даху і, урэшце, цэлыя, вызваленыя з шкляных каптуроў, апынуліся на пахілай падлозе ўваходнага памяшканьня.
Праз колькі дзён, — паводле нашага падліку часу, — пасьля таго, як нам трапіўся выпадак даць грамадзе кінематографічны малюнак нашых прыгод, мы прысутнічалі пры куды больш урачыстым і вялікасным відовішчы такога самага роду, якое паказала нам ясным і дзіўным спосабам мінулую гісторыю гэтага народу. Я думаю, што гэта было зроблена не для нас, бо мне здаецца, што здарэньні паказваліся часам для таго, каб захаваць іх у памяці, і што частка, на якую нас пусьцілі, была толькі гістарычным дадаткам да доўгае гістарычнае цырамоніі. Але што-б гэта ні было, я дакладна апішу ўсё, як гэта было. Нас прывялі ў тую самую вялізную залю, або тэатр, дзе профэсар Маракот адбіў на экране нашы ўласныя прыгоды. Тут была ўся грамада, і нам, як і ў першы раз, далі ганаровыя месцы перад самым экранам. Потым пасьля доўгай песьні, што была, мабыць, якім-небудзь патрыотычным гімнам, вельмі стары, сівы мужчына гісторык, а мо’ летапісец нацыі, пад воплескі наблізіўся да фокуснай адлегласьці і адбіў на шырокай паверхні перад сабою шераг малюнкаў, якія прадстаўлялі росквіт і заняпад яго народу. Я хацеў-бы мець магчымасьць перадаць вам жвавасьць і драматызм гэтых малюнкаў. Мае таварышы і я страцілі прадстаўленьне а часе і месцы, бо былі захоплены