Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ступаў. Гэта казалася нам, што тут схаваны вялікі даўнейшы горад.

Ён увесь чыста быў у твані, як Геркулянум схаваны пад лявай, або Помпэя — пад попелам, калі-б людзі, царквы, што засталіся жывымі, не пракапалі-б туды ўваходу. Гэты ўваход быў падобны да траншэі, якая ідзе ўніз шырокай вуліцай з будынкамі па абодвых бакох. Сьцены будынкаў сям-там трэснулі і заваліліся, бо тут ня было тэй моцнай пабудовы, дзякуючы якой захавалася царква. Але ў сярэдзіне гэтых дамоў было тое самае, як і тады, калі здарылася катастрофа, хіба апрача таго, што рознастайныя дзівы мора, прыгожыя і рэдкія ў некаторых выпадках ды жахлівыя ў другіх, зьмянілі выгляд пакояў.

Нашы праваднікі не заахвочвалі нас разглядаць першыя пакоі, у якія мы ўвайшлі, але сьпяшаліся прайсьці з намі далей, пакуль мы не дайшлі да таго, што, бясспрэчна, было вялікай цэнтральнай крэпасьцю або палацам, вакол якога разьмясьціўся ўвесь горад. Слупы, колёны і вялізныя рэзьбяныя карнізы, фрызы ды лесьвіцы гэтай будовы выпераджалі ўсё бачанае мною калі-небудзь на зямлі. Бліжэй за ўсё, як мне здавалася, гэта будова была падобна да Карнацкай царквы ў Лускоры, у Эгіпце, і — дзіўна сказаць — убранства ды напалову сьцёртае рэзьбярства нагадвалі ў дэталях убранства вялікіх руін ля Нілу, і такія самыя, як лётос, былі капітэлі колён.