Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чорна, як ноч. Атрымліваецца ўражаньне хмурнага зімовага дня з цяжкай чорнай навальнічнай хмарай, што сьцелецца нізка над зямлёю. З гэтай чорнай хмары паволі падае сьнег беленькімі стужкамі, якія бліскаюць на цёмным фоне. Гэта чарапашынкі морскіх сьлімакоў і другіх маленькіх істот, якія жывуць і паміраюць у пяцімільным слаі вады, што аддзяляе нас ад паверхні. Хоць шмат якія з іх і распадаюцца па дарозе ды далучаюцца да тваністых соляй акіяну, рэшта-ж на працягу вякоў стварае асадак, які пахаваў пад сабою вялізны горад, у верхняй частцы якога мы цяпер жылі.

Пакінуўшы нашу апошнюю сувязь з зямлёй, мы пашлі ў падводную цемру, і хутка паказаліся зусім нечакана новыя ўмовы падводнага быту.

Перад намі зьявілася рухомая пляма. Пры нашым набліжэньні яна аказалася натаўпам людзей, з якіх кожны быў у шкляной абалонцы. Людзі гэтыя цягнулі за сабою вялізныя сані, нагружаныя вугалем. Гэта была цяжкая праца, і небаракі нагіналіся, напружваліся і цягнулі з усяе сілы вяроўку з акулавай скуры, быўшую для іх пастронкамі. Пры кожнай сябрыні быў адзін чалавек, які карыстаўся, як відаць, аўторытэтам, і нам было цікава ўбачыць, што правадыры і рабочыя былі, бясспрэчна, розных рас. Рабочыя былі высокія, белаватыя людзі з блакітнымі вачыма і магутным целам. Начальнікі-ж, як было сказана, былі цьмяныя і блізка да тыпу нэграў, прысадзістыя ды шырокаплечыя. Мы не маглі ў той