Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

былі другімі прадметамі нашай цікавасьці, але шмат якія машыны былі такія складаныя, што нам цяжка было прасачыць дэталі. Я толькі магу сказаць, што бачыў на ўласныя вочы і прабаваў уласным языком, што хэмічныя рэчы ў газаватым і вадкім выглядзе выліваліся ў розныя машыны, што на іх уплывалі цяплынёй, ціскам ды электрычнасьцю, і што мука, гарбата, кава або віно атрымліваліся ў якасьці продуктаў.

У часе агляду будынку, — наколькі нам яго паказвалі, — мы вельмі хутка дадумаліся да аднаго. Было ясна, што будаўнікі прадбачылі, што на будынак будзе дзейнічаць мора, і абарона проці напору вады была прадугледжана задоўга да таго, як край спусьціўся пад ваду. Канечна, было зусім зразумела, і гэта не патрабавала довадаў, што такія перасьцярогі не маглі быць прыняты ўжо пасьля катастрофы, і мы былі цяпер сьведкамі, што ўвесь вялізны будынак з самага пачатку быў пабудаваны з аднай думкай, каб быць моцным каўчэгам, дзе можна было-б схавацца. Вялізныя рэторты і саганы, у якіх вырабляліся паветра, яда, ачышчаная вада ды іншыя патрэбныя продукты, былі ўроблены ў сьцены і зьяўляліся, як відаць, часткамі гэтага орыгінальнага будынку. Тое самае было і з выходнымі каморамі, з сылікатнымі фыбрыкамі, дзе вырабляліся шкляныя каптуры, і з вялізнымі воднымі помпамі. Кожны з гэтых прадметаў быў зроблены здольнасьцю і прадбачаньнем гэтага дзіўнага народу