гаварыць аб гэтай прыгожай жанчыне. Даволі таго, што ў маім жыцьці зьявіўся новы і моцны ўплыў. Калі я ўбачыў Маракота, які гаварыў на мігі з аднэй ветлівай асобай, тымчасам, як Сканлан у цэнтры групы вясёлых дзяўчат выражаў ім сваё захапленьне, я зразумеў, што мае падарожнікі таксама пачалі знаходзіць, што ў нашым трагічным становішчы быў і больш вясёлы бок. Калі памерлі для сьвету, то мы ў кожным разе, знайшлі другое жыцьцё, якое абяцала пэўную нагароду за страчанае намі.
Пазьней, на працягу гэтага дня Мэнда ды другія нашы новыя таварышы паказалі нам некаторыя часткі вялізнага будынку. Напластаваньнямі вякоў будова так асела ў морскае дно, што ў яе можна было ўваходзіць толькі праз страху, і з гэтага месца калідор ішоў уніз ды ўніз, пакуль даходзіў да роўню поля ў некалькіх сотнях футаў ніжэй памяшканьня, у якое ўваходзілі. У падлозе таксама былі ходы, і мы ўбачылі калідоры па ўсіх кірунках, якія ішлі ўніз, у нетры зямлі. Нам паказвалі тыя апараты, што рабілі паветра, з помпамі, якія разносілі паветра па ўсім будынку. Маракот са зьдзіўленьнем і захапленьнем зазначыў, што ня толькі тлен злучаўся з азотам, але што меншыя раторты давалі другія газы, якія маглі быць толькі аргонам, нэонам ды іншымі малавядомымі складніковымі часткамі атмосфэры, з якімі на зямлі мы толькі пачынаем знаёміцца. Дыстыліравальныя бакі для здабываньня сьвежай вады і вялізныя электрычныя ўстаноўкі