Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

далёкіх часоў, які, мяркуючы па тым, што нам удалося даведацца, крануў адной рукою цэнтральную Афрыку, а другою Эгіпэт, і таму пакінуў свае сьляды нават на гэтых краёх, калі яго ўласная зямля спусьцілася ў Атлянтыцкі акіян. Што-ж да гэтых людзей, іх пакаленьняў, дык мы прышлі да вываду, што яны, як відаць, вырадзіліся (а гэта зусім натуральна), і што ў большасьці выпадкаў яны застылі на месцы і толькі захавалі некаторыя веды і навуку сваіх дзядоў, ня маючы энергіі дадаць да гэтага што-небудзь сваё. Яны ўладалі дзіўнымі сіламі, і ўсё-ткі нам здавалася, што ў іх незразумелы недахват ініцыятывы і што яны нічога не дадалі да дзіўнай спадчыны, атрыманай імі. Я пераконаны, што Маракот, скарыстаўшы іх веды, хутка дасягнуў-бы большых вынікаў. Што-ж да Сканлана з яго кемкасьцю і здольнасьцю мэханіка, то ён заўсёды даваў парады, якія, відаць, здаваліся ім такімі самымі важнымі, як іх сілы — нам.

У часе нашага спуску ў акіян у кішэні Сканлана быў губны гармонік, і заўсёды радасьцю нашых гаспадароў было, калі ён граў на ім. Яны сядзелі вакол і з захапленьнем слухалі яго простыя песенькі, якраз таксама, як мы слухалі Моцарта.

Я ўжо сказаў, што ўвесь будынак мы не аглядалі і магу расказаць далейшае наконт гэтага. Быў адзін стары ад часу калідор, дзе мы заўсёды бачылі народ, але праваднікі ў часе нашай экскурсіі туды ніколі не заходзілі. Зусім натуральна, што мы