Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цэлую ноч старанна працавалі, каб сабраць апарат, і пасьля сьнеданьня пашлі ў трум, падрыхтаваны да нашае падарожы. Сталёвая клетка была напалову апушчана ў фальшывае дно, і мы цяпер сышлі адзін за адным праз верхнія дзьверы, якія за намі зачынілі і зашрубавалі. Капітан Хові сумна паціснуў кожнаму з нас руку, калі мы ішлі каля яго. Пасьля гэтага нас спусьцілі на некалькі футаў, люк зачыніўся над нашымі галовамі — і мы ў вадзе, каб даведацца, наколькі мы прыгодныя да мора. Клетка добра вытрымала іспыт, кожны паз быў прыгнаны якраз, і вада не цякла. Потым ніжні кляпан у труме адчынілі — і мы ў акіяне.

Пакойчык наш, сапраўды, быў вельмі прытульны, я дзівіўся здольнасьці і прадугледжанасьці, з якімі ўсё гэта было зроблена. Электрычнасьці не запалілі, але напоўзваротнікавае сонца ярка сьвяціла ў кожнае вакно праз зеленкаватую ваду. Тут і там шмыгалі маленькія рыбкі і гойдаліся срабрыстымі рыскамі на зялёным фоне.

Вакол маленькага пакойчыку стаяла канапа, над якой былі разьмешчаны вымяральнік глыбіні, тэрмомэтр ды іншыя інструманты. Пад канапай было шмат трубак, у якіх быў запас сьціснутага паветра, на выпадак, калі сапсуюцца тыя трубы, што падавалі нам паветра. Гэтыя трубы былі над нашымі галовамі. Нам быў чуваць сумны голас капітана, які казаў:

— Вы сапраўды надумаліся спускацца? — пытаў ён.