Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Увечары гэтага дня машыны спынілі. Баромэтр стаяў нізка. Цяжкія чорныя хмары ўздымаліся на небе і папераджалі аб небясьпецы. Мы бачылі толькі адзін карабель — баркас пад норвэскім сьцягам, і заўважылі, што ён узяў усе рыфы, нібы чакаў буры. А цяпер усё спрыяла нам, і „Стратфорд“ ціха гойдаўся на цёмна-блакітных хвалях акіяну пакрытых то там, то тут белымі грабеньчыкамі ад пасатнага ветру. Біль Сканлан прышоў да мяне ў лябораторыю, усхваляваны больш, чым гэта яму звычайна дазваляў яго характар.

— Паслухай мяне, містэр Хэдлей, — сказаў ён, — яны спусьцілі гэтую штуку ў студню ў дне карабля. Вы ня думаеце, што гаспадар хоча спусьціцца ў ёй?

— Так, Біль, і я паеду з ім.

— Ну-ну, вы абодва звар’яцелі, калі думаеце аб такой рэчы. Толькі нічога я ня буду варты, калі пушчу вас адных.

— Гэта ня ваша справа, Біль.

— Ну, а я так адчуваю, што гэта мая справа. Ды я зжаўцею ад жаўтухі, як кітаец, калі пушчу вас адных. Мэрыбэнкс прыслаў мяне сюды паглядзець за гэтай машынай, і калі яна спусьцілася ўніз, на дно мора, дык ужо гэта напэўна, што і я буду на дне. Дзе гэта сталёвая скрынка — там і адрас Біля Сканлана, пашалелі ўсе вакол яго ці не.

Сьпірацца з ім ня прыходзілася, і такім чынам да нашага маленькага клюбу самазабойц далучыўся яшчэ адзін чалавек, і мы толькі чакалі загадаў.