Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даручае мне сотні розных спраў. Але ва ўсім гэтым быў мэтод і пэўная мэта. Ён нечакана паказаў веды ў электрычнасьці і ў мэханіцы, і траціў шмат часу, працуючы разам з Сканланам, які пад яго наглядам зьбіраў апарат.

— Глядзеце, містэр Хэдлей, як добра, — сказаў Біль на другі дзень раніцою. — Зайдзеце сюды ды гляньце. Наш доктар маладзец і здольны мэханік.

У мяне было вельмі няпрыемнае ўражаньне, нібы я пазіраў на сваю ўласную труну. Але нават і цяпер я павінен быў прызнацца, што гэта быў прыгожы па сваёй будове маўзолей. Падлога была змацавана з чатырма сталёвымі сьценамі і вокны ўшрубаваны ў цэнтры кожнай сьцяны. Маленькія пад’ёмныя дзьверы ўгары вялі ў камору. Былі яшчэ адны дзьверы ўнізе. Сталёвая клетка трымалася на тонкім, але вельмі моцным сталёвым ланцугу, ланцуг быў абматаны па блёку і выпускаўся або закручваўся моцнай машынай, якую мы ўжывалі для невадоў вялікіх морскіх глыбінь. Ланцуг, як я ўбачыў, быў бадай на поўмілю даўжынёю і быў прымацаваны да сталёвых падпорак на палубе. Гумалясткавыя трубкі для дыханьня мелі такую самую даўжыню, тэлефонны провад быў злучаны з намі, а таксама і провад, з дапамогай якога маглі ў машыне на караблі кіраваць электрычным сьвятлом у сярэдзіне апарату; тут у нас была яшчэ і свая электрычная ўстаноўка.