Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на газ, лягчэйшы ад паветра, што знаходзіцца ў кулі, то яны напэўна зразумеюць, што ў гэтым ёсьць штосьці нязвычайнае. Вы, Тальбот, у кожным выпадку не адкінеце яе, не прачытаўшы.

Калі хто-небудзь захоча даведацца, як усё гэта пачалося і што мы спрабуем зрабіць, — ён усё гэта знойдзе ў лісьце, напісаным вам летась першага кастрычніка, увечары, перад нашым ад’ездам з порту Дэ-ля-Луц. Клянуся, каб я ведаў, што нас чакае, то я скокнуў-бы тады ў лодку, што плыла на бераг. І ўсё-ткі… што-ж, можа быць, каб я гэта і ведаў, то я не пакінуў-бы доктара і пашоў-бы на ўсё гэта. Я аб гэтым думаю, і бясспрэчна, што я зрабіў-бы іменна так, як зрабіў.

Я буду пісаць аб тым, што перажылі мы з таго дня, як пакінулі Канарскія выспы.

У той момант, калі мы разьвіталіся з прыстаняй, стары Маракот зрабіўся проста агнём. Урэшце, прышоў час дзейнічаць, і прытушаная энэргія гэтага чалавека ярка загарэлася. Кажу вам, што ён забраў у свае рукі карабель ды ўсіх, і ўсё на ім падпарадкаваў сваёй волі. Сухі, скрыпучы, няўважны вучоны раптам зьнік і замест яго зьявілася чалавечая электрычная машына. Вось, здаецца, яна лопне ад жыцьцёвай энэргіі і дрыжыць ад вялізнай магутнасьці. Вочы яго блішчэлі за акулярамі, як вочы ў ліхтары. Здавалася, што ён адначасна скрозь: вывучае адлегласьць на сваёй карце, параўноўвае разам са шкіперам вылічаньні, падганяе Біля Сканлана,