Гэтае апавяданьне мае ў сабе падзеі, якія адбыліся да тых часоў, калі куля была злоўлена.
Калі рукапіс быў ужо ў друку, прышоў і эпілёг — нечаканы і сэнсацыйны. Я кажу пра выратаваньне нашых адважных падарожнікаў паравой яхтай містэра Фэвэрджара і аб вестцы, прысланай бяздротавым тэлеграфам з гэтай яхты і прынятай кабельнай станцыяй выспаў Кап-дэ-Вэрдэ, якая толькі што перадала яе ў Эўропу і Амэрыку. Гэта паведамленьне было надрукавана містэрам Кіосборн, вядомым прадстаўніком „Аб’яднаньня друку“.
Выходзіць, што адразу за тым, яе першая вестка аб становішчы профэсара Маракота ды яго сяброў дасягнула Эўропы, у надзеі выратаваць іх, ціха і шпарка была організавана экспэдыцыя. Містэр Фэвэрджар даў гэтай экспэдыцыі сваю вядомую паравую яхту „Марыён“, на якой паехаў і сам. „Марыён“ вышла з Шэрбургу ў чэрвені, узяла ў Саўгемптоне на борт містэра Кіосборна ды кіно-опэратара і адразу-ж адплыла ў паласу акіяну, паказаную ў дакуманце Хэдлея. Паласа гэта была дасягнута 1-га ліпня.
Быў апушчаны дрот вымяральніка глыбінь, і яго паволі цягнулі па дне акіяну. На канцы гэтага дроту побач з цяжкім грузам была прычэплена бутэлька, у якой быў ліст. Вось ён.
„Ваша паведамленьне атрымана сьветам, і мы тут, каб памагчы вам. Мы пасылаем дублікат гэтага паведамленьня па бяздротавай перадачы ў надзеі,