нам было цяжка не адстаць ад іх, але яны несьлі з сабою электрычныя ліхтарні, і хоць мы і адсталі, але маглі ісьці за гэтым сьвятлом. Дарога, як і раней, ішла каля базальтавых скал. Далей мы апынуліся на няроўнай мясцовасьці сярод мноства скал і глыбокіх ям. Ісьці было цяжка. Вышаўшы з гэтага хаосу старажытнай лявы, мы вышлі на пахілую раўніну, і тут у самым цэнтры яе ляжаў прадмет. Як глянуў я на яго — у мяне захапіла дух.
Напалову ўлезшы ў твань, перад намі ляжаў вялізных памераў параход; ён ляжаў на баку, труба зламалася і вісела пад дзіўным кутком, а фок-мачта была адарвана. Уся-ж рэшта была некранута, і карабель здаваўся такім чыстым і сьвежым, нібы толькі што вышаў з доку. Мы падышлі да яго і апынуліся пад кармой. Можаце сабе ўявіць, як мы адчулі сябе, калі прачыталі надпіс: „Стратфорд, Лёндон“. Наш карабель пашоў за намі ў глыбіню Маракота.