і драматычнымі мігамі, і што мы самі складалі нібы частку гэтай грамады. Мы наведвалі розныя сем’і ў іх уласных прыватных пакоях, і наша жыцьцё, — я магу, у кожным разе, гаварыць за сябе, — ішло добра пры ўважлівых адносінах гэтых дзіўных людзей, а галоўным чынам — пры ўважлівасьці мілай маладой жанчыны, імя якой я сказаў вышэй. Мона была дачкою аднаго правадыра. Я знайшоў у яго сям’і цёплы і ласкавы прытулак, які стаяў куды вышэй адрозьненьнем нашых рас і мовы. Што да самай далікатнай з усіх моў, то я знайшоў, што паміж старой Атлянтыдай і сучаснай Амэрыкай ня было вялікай прасторы. Мне здаецца, тое, што спадабалася-б масачузэцкай дзяўчынцы з коледжу Брауна, спадабалася-б таксама і маёй каханцы пад хвалямі.
Але я павінен вярнуцца да таго факту, што Сканлан зайшоў у наш пакой з навінамі аб нейкім вялізным здарэньні.
— Паслухай, адзін з іх толькі што ўбег і ён да таго ўсхваляваны, што зусім забыўся скінуць свой шкляны каптур, і гаварыў некалькі хвілін перш, чым зразумеў, што ніхто ня можа яго пачуць. Потым пачалося ўсякае та-та-та наколькі ў яго хапіла духу, і яны ўсе бягуць цяпер за ім на тое месца, адкуль вылазяць. Я бягу ў ваду, напэўна там ёсьць што паглядзець.
Калі мы выбеглі, то ўбачылі, што ўсе нашыя сябры ўсхваляваны і бягуць па калідоры. Мы далучыліся да іх. Яны ў вадзе ішлі так шпарка, што