ЧАСТКА ПЯТАЯ
Зразумела, пасьля першага зьдзіўленьня ўся справа пачала здавацца не такой ужо незразумелай. Мы памяталі падзеньне баромэтру, памяталі, як спрактыкаваны норвэскі карабель пераплыў, памяталі чорную хмару на кругавідзе. Відаць, наляцеў нечаканы тураган нязвычайнай сілы і „Страдфорд“ перакуліўся.
Небарака капітан Хові, або тое, што ад яго засталося, усё яшчэ стаяў на сваім месцы ды трымаўся рукамі за парэнчы каманднага мосьціка. З караблём звалілася на дно толькі яго цела і цела трох качагараў машыннага аддзяленьня. Кожнага з іх пад нашым наглядам і закапалі ў твань, а наверх паклалі вянок морскіх кветак.
У той час, як мы былі заняты выкананьнем гэтага абавязку, маленькія людзі агледзелі карабель. Падняўшы галовы, мы ўбачылі іх усюль, нібы мышэй, якія абляпілі сыр. Іх хваляваньні і цікавасьць ясна паказалі нам, што гэта першы сучасны карабель, магчыма, што першы параход, які калі-небудзь зваліўся да іх. Яны адразу ўзяліся за працу: