Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ганьнем клясавым. Пасьля ўтварэньня незалежнай Польскай дзяржавы профсаюзы Польшчы злучыліся ў адзіную "Цэнтральную Комісію", якая пачала аднастайна па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі кіраваць работніцкім профэсыянальным рухам. У апошнія часы ўзмацняецца ўплыў на работнікаў Польскай Комуністычнай Партыі, якая імкнецца згуртаваць працоўны люд для барацьбы з капіталам. Аднак пакуль-што наймацнейшай работніцкай партыяй у Польшчы зьяўляецца Партыя Польскіх

Соцыялістых.

Апрача тых зямель, што належаць да Польскай дзяржавы, у межах Польска-Прускага краю ляжыць на паўночным усходзе вольны горад Гданьск, ваколіцы якога залюднены немцамі.

Паводле асаблівасьцяй прыроды і люднасьці Польска-Прускую старонку можна падзяліць на тры краіны: 1) Паўднёвую Польшчу або пас узвышшаў, 2) Пас нізін і 3) Кашубскую краіну або Заходнюю Прусію.

Пас узвышшаў займае паўднёвую частку Польска-Прускага краю. Вышнявіны галоўных польскіх рэк разразаюць пас узвышшаў на шэраг плоскаўзвышшаў і горных град, якія могуць лічыцца працягам гор Сярэдняй Нямеччыны. Таксама як сярэдня-францускія і сярэдня-нямецкія горсты, гэтак і горы Паўднёвай Польшчы зьяўляюцца рэшткамі вялізнага ўкладу зморшчавых гор, утвораных яшчэ ў першыя часы жыцьця на зямлі. Мільёны гадоў гэтыя даўныя горы руйнаваліся, зьніжаліся, распадаліся, але ў апошнія пэрыоды земнага жыцьця патрэскаліся, прычым кавалкі іх зноў павыпіраліся, зрабіліся зноў значнымі гарамі. Месцам яшчэ можна выявіць, што сучасныя горы складаюцца з пагнутых, зморшчаных пластоў земнай кары, у іншых месцах земныя пароды на паверхні ляжаць паземна, а горы маюць выгляд правільных горстаў; нарэшце сярод гор і ўзвышшаў у Паўднёвай Польшчы трапляюцца шырокія прасторы раўнін.

Выгляд нявысокай раўніны мае, напрыклад, самая паўднёвая частка краіны, што ляжыць на правым беразе Вісьлянскай вышнявіны і на поўдні дасягае да Карпат. Гэта так званая Заходняя Галіччына або Падкарпацьце, паверхня якога павольна пахіляецца на поўнач,-ад Карпацкіх гор у бак Віслы. Лежачы паміж Карпат і Паўднёва-Польскіх узвышшаў, Заходняя Галіччына мае выгляд лагчыны (вышыня над роўнем мора 150-250 мэтраў), дно якой пакрыта адкладамі даўнага мора. Паверх морскіх адкладаў на паверхні Падкарпацьця ляжаць адклады, нанесеныя даўным ледавіком.

Рака Сан аддзяляе Заходнюю Галічыну ад Люблінскага плоскаўзвышша, што ляжыць паміж рэкамі Віслай, Санам і Вепрам. Гэтае плоскаўзвышша (334 мэтры над роўн. мора) складаецца з паземных пластоў лёзсу, адзначаецца вельмі ўраджайнай глебай і вялікай колькасьцю раўчакоў, праразаючых гэтую раўніну. Гэты куток Польшчы нагадвае Паўднёва-Усходнюю Эўропу, напрыклад, суседнія з ім прасторы Заходняй Украіны, таксама пакрытыя грубымі пластамі лёзсу.