Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тыповыя паўднёва-польскія ўзвышшы ляжаць на паўночны захад ад Вышнявіны Віслы. Гэта так званае Малапольскае ўзвышша, складзенае з вапнавых скал, лупнякоў і зьлепнякоў. Па сярэдзіне гэтага ўзвышша вадазборы ракі Ніды знаходзіцца плоскае ўзвышша, у якім вапнавыя скалы хаваюцца глыбока пад пластамі пазьнейшых пластоў. На ўсход ад гэтага плоскаўзвышша цьвёрдыя вапнякі выходзяць на паверхню ў выглядзе так званых Келецка-Сандамірскіх гор, якія з паўночнага захаду цягнуцца на паўднёвы ўсход к Вісьле і канчаюцца насупроціў вусьця Сану. Найвышэйшы пункт гэтых гор―Лысіца―дасягае 618 мэтраў вышыні над роўнем мора.

Заходні край Малапольскага ўзвышша таксама мае выгляд горнага груда, які таксама складаецца пераважна з вапнякоў, а завецца Польскай Юрой або Кракаўска-Чэнстахоўскай горнай градой. Размытыя рэкамі вапнавыя скалы гэтай грады маюць выглян дзіўных востраверхіх гор з зрывістымі схіламі, месцам вельмі прыгожых.

Асабліва прыгожым куточкам лічыцца даліна рэчкі Пронднік,

якую за яе хараство завуць Польскай Швайцарыяй. Гэтая рэчка цячэ ў глыбокай цясьніне, над якой высяцца скалы, з якіх адны падобны да вялізнай далоні з растапыранымі пальцамі,

другія маюць выгляд чалавека на каленях і г. д.

Малапольскае ўзвышша строма абрываецца ў бок Віслы на поўдзень і павольна зьніжаецца на поўнач. На захад ад яго ляжыць Шлёнскае ўзвышша, складзенае з пластоў, вельмі багатых каменным вугалем. Асабліва многа вугалю ў тым кутку, дзе да вайны 1914 году схадзіліся межы трох дзяржаў: Расіі, Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны. Больш за ўсё вугалю здабываюць у той частцы краіны, якая перад вайной належала да Прусіі пад імем Горнага Шлёнску. Што-год тут здабываюць больш за 25 мільёнаў тон найлепшага каменнага вугалю. Ня дзіва, што з-за гэтага кавалка доўга спрачаліся Польская і Нямецкая рэспублікі. Вельмі многа вугалю і ў тэй частцы краіны, што была пад расійскім заборам. У даўнай Расійскай імпэрыі ваколіцы места Дамбровы блізка Нямецкай граніцы лічыліся адной з важнейшых каменна-вугальных акруг.

Дзякуючы вялікім запасам падземнага апалу, Шлёнск зрабіўся адным з самых важных прамысловых куткоў Эўропы. На тутэйшых гісэрнях апрацоўваюць ня толькі мясцовую польскую руду, якой многа знаходзяць на Малапольскім узвышшы, але таксама руду, прывезеную з другіх краёў. Перад вайной у ваколіцах Дамбровы перараблялі жалезную руду, прывезеную нават з Паўднёвай Украіны. У Шлёнску, які знаходзіўся пад нямецкім заборам, фабрыкі машын і дроту раскіданы паўсюды і чаргуюцца з шклянымі гутамі, жалезнымі і цынкавымі гісэрнямі.

Выраб крамніны і жалезных тавараў так пашырыўся ў межах краіны, што гэтыя тавары задавальняюць усю Польшчу і вывозяцца на Беларусь і Украіну, а даўней вывозіліся ў Маскоўшчыну і нават у Сібір. Дзякуючы моцнаму разьвіцьцю прамысловасьці, Горны Шлёнск адзначаецца