Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зьвярнуў тады ўвагу на ўсходніх суседзяў; Польшча далучыла да сябе Беларусь, Літву і частку Украіны, разьлілася на ўсходзе ад Балтыцкага да Чорнага мора. Але на ўсходзе Польшча спатыкнулася з Маскоўшчынай, і пачалася ўпартая барацьба за панаваньне ўва Усходняй Эўропе. У канцы XVІІІ в. Маскоўшчына, Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына аканчальна перамаглі Польшчу і падзялілі яе ўладаньні. Але ужо ў пачатку XІX веку Наполеон аднавіў Польскую дзяржаву пад імем Варшаўскага гэрцогства. Пасьля няўдалага паходу Наполеона на Маскву Варшаўскае гэрцогства увайшло у склад Расіі, і Польшча зноў аказалася падзеленай на 3 часткі штучнымі межамі. Паўстаньні палякоў супроць расійскага панаваньня заўсёды душыліся маскоўскім войскам, і толькі пасьля сусьветнай вайны 1914-18 гадоў штучныя межы, якія падзялялі жывое цела Польшчы, былі скасованы, і Польшча, нарэшце, злучылася ў адзіную незалежную

рэспубліку.

Большая частка Польскага краю ўваходзіць у склад Польскай рэспублікі, якая належыць да найвялікшых дзяржаў Эўропы, перавышаючы паводле ліку насельнікаў усе іншыя дзяржавы Эўропы апрача 5 вялікіх. Апрача чыста польскіх зямель Польшча ўладае значнымі часткамі Ўсходняя Эўропы, дзе большасьць насельнікаў складаецца з украінцаў і беларусаў, а ўласна: Холмшчынай, Усходняй Галіччынай і Заходняй Валыньню, у якіх пераважваюць украінцы, Горадзеншчынай, Віленшчынай і Заходняй Меншчынай, дзе жывуць беларусы. (Разам з гэтымі краям Польская дзяржава абымае прастору ў 387000 кв. клм. з 29 мільёнамі насельн.).

У землях, залюдненых беларусамі і украінцамі, польскі

ўрад зачыняе беларускія і ўкраінскія школы, прымушае народ карыстацца польскай мовай у дзяржаўных установах і вучыць дзяцей у польскіх школах. Часта беларускія і ўкраінскія сяляне, нездаволеныя далучэньнем да Польшчы, падымаюць паўстаньні супроць польскіх жандараў. Каб трымаць народ у паслухмянстве, польскі ўрад павінен трымаць на сваіх усходніх "крэсах“ вялікую армію і поліцыю. Такім чынам беларускія і ўкраінскія землі вымагаюць ад Польшчы вялікіх выдаткаў і зьяўляюцца слабым месцам Польскай Рэспублікі. (Дакладна разглядаць гэтыя часткі Польскай дзяржавы мы будзем далей,

калі будзем знаёміцца з Усходняй Эўропай).

На чале Польскай рэспублікі стаяць сойм і сэнат, да якіх належыць законадаўчая ўлада, і прэзыдэнт і габінэт міністраў, якім належыць улада выканаўчая. Выбары ў сойм і сэнат адбываюцца на падставе агульнага, роўнага, простага і таемнага выбарнага права.

Да вайны 1914-18 г. кожная з трох частак падзеленай Польшчы жыла сваім асобным політычным жыцьцём. Профэсыянальныя і політычныя організацыі работнікаў нямецкай, аўстрыйскай і расійскай Польшчы ня мелі паміж сабой аніякай сувязі. Аднак ува ўсіх частках Польшчы работнікі пад уплывам нацыянальнага ўціску марылі толькі аб нацыянальным вызваленьні і цікавіліся нацыянальнай барацьбой больш, як зма-