Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

боку і Беларусь, каб вывезьці свае тавары на сусьветны рынак, мусіць правозіць іх праз Латвію, Літву, Польшчу або Украіну да бліжэйшых морскіх прыстаняй.

У добрым становішчы знаходзіцца ўнутраны гандаль на Беларусі. У даўнейшыя часы гэты гандаль адбываўся пераважна на кірмашох. Цяпер кірмацы страцілі сваё даўнейшае экономічнае значэньне. На іх прадаюцца саматужныя вырабы сялян, на іх сяляне купляюць жывёлу і сельскагаспадарчыя прылады. Значна болей важную ролю ў сучасным гандлі маюць пункты сталага гандлю — прыстані на рэках і асабліва чыгуначныя станцыі.

Паводле прыродных асаблівасьцяй Беларусь можна падзяліць на 6 краін: 1) Палесьсе, 2) Заходня-Беларускія узгор'і, 3) Наддзьвіньне, 4) Дняпроўскія узгор'і, 5) Вокаўскі лес, 6) Беларускі лесастап.

Палесьсе абымае паўднёвую і паўднёва-заходнюю часткі Беларусі. Гэта надзвычайна роўная вялікая нізіна, пакрытая лясамі і балотамі. Большая частка гэтай краіны ляжыць толькі на 40-80 сажняў вышэй роўня мора. Грунты ў Палесьсі пераважна пескавыя, прычым часта пяскі складаюцца ў тыповыя пескавыя выдмы, якія маюць выгляд падкоў.

Некаторыя вучоныя кажуць, што пасьля сканчэньня ледавіковай эпохі Палесьсе было сухой бясплоднай пустыняй, і сучасныя выдмы зьяўляюцца рэшткамі вялікіх лескавых пустак, якія тады пакрывалі ўсю гэтую краіну.
Другія кажуць, што пасьля ледавіковай эпохі тут, на ўсёй прасторы ад Заходня-Беларускіх узгор'яў да гранітнага Украінскага груда, утварылася вялікае несалонае возера або так званае Геродотава мора". З поўначы і з поўдня ў гэтае возера сьцякала многа рэчак, кожная з якіх размывала ў сваёй вышнявіне пласты земных парод і продукты гэтага размываньня — пясок і глей — несла на ніз у возера. Глей у стане муці сплываў далей па рацэ, якая выцякала з гэтага возера, а пясок асаджваўся на дне і патроху завальваў, запаўняў возера. Дно "Геродотава мора" што-год павышалася, возера мяльчэла, потым пачало заплываць травой і нарэшце перавярнулася ў вялікае бязьмежнае балота.

Дзякуючы роўнасьці Палесься, рэкі яго маюць вельмі малы нахіл дна і цякуць надзвычайна павольна, марудна. Галоўная рака краіны — Прыпяць — і большасьць яе прытокаў цякуць пераважна у нізкіх берагох і шырока разьліваюцца пры павялічэньні колькасьці вады ў рэчышчах, напрыклад, увясну.

Месцам берагі рэк складаюцца з рэчных адкладаў і ляжаць грэблямі удоўж рэчнай плыні. У такіх выпадках рэкі часамі цякуць вышэй балот і поплаваў, якія ляжаць абапал іх. Часта, напрыклад, у так званым Зарэччы, у вышнявіне Прыпяці, рэкі распадаюцца на сотні адток, пераплятаюцца адна з аднэй, утвараючы безьліч астраўкоў, разьдзеленых рэчнымі пратокамі. Злучаючыся паміж сабой, Прыпяць, Стаход, Стыр і іншыя рэкі Зарэчча ствараюць такую сетку астравоў і пратокаў, якую