Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ствалом; каб здабыць верхавіну, іншы раз сьсякаюць старое дрэва і кідаюць яго гніць, выкарыстаўшы толькі малую яго частку. У час вайны многа лясных пушч зьнішчана войскамі; значныя часткі маладых зарасьнікаў, засаджаных лясьнічымі па скарбовых лясох, сапсута і заворана. Аднак і да цяперашняга часу лясы застаюцца нашым галоўным багацьцем і даюць значныя заработкі мясцовай люднасьці. Па лясных раёнах Беларусі большая частка мясцовых насельнікаў узімку йдзе на загатоўку лесу, працуе над валкай яго і дастаўкай на рум. Увясну гэты лес сплаўляюць па дробных рэчках россыпам, зганяюць на якую-небудзь з вялікіх рэк, — там вяжуць бярвеньне ў плыты і гоняць на ніз па Дняпры на Украіну, па Дзьвіне ў Латвію, па Нёмне ў Літву і Нямеччыну. Болей каштоўны лес, напрыклад, дуб, рэжуць спачатку на брусьсе і клёпкі, грузяць на баркі і бярліны. Тысячы беларускіх плытнікаў і асначоў працуюць на Украіне, у Латвіі і Літве. З некаторых беларускіх вёсак на такую працу адыходзіць большасьць насельнікаў, і ў час навігацыі такія вёскі пустуюць.

Наагул беларусы часта кідаюць свае вёскі і нівы, каб вынайсьці дзе-небудзь лепшыя варункі жыцьця. Шмат беларусоў працуе у Ленінградзе і Маскве, на Украіне, Доншчыне і Кубаншчыне на ўраджайных нівах казакоў, у вугальных капальнях Данеччыны. Паўсюды беларусы бяруцца за самую цяжкую працу, выпаўняюць самыя цяжкія абавязкі, як ірляндцы межах Вялікабрытаніі. Асабліва пашырана сярод беларусоў грабарства. Можна сказаць, няма такой чыгункі ў межах Расіі, у будаваньні якой ня прымалі-б удзелу беларускія грабары.