Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярод спосабаў ральніцтва на Беларусі пераважвае трохпалёўка (які гэта спосаб?), але часта сустракаюцца і навейшыя палепшаныя спосабы, уводзіцца плодазьмен, сеюць канюшыну, лубін, буракі на полі і г. д.

Пад засевамі карманых траў на Беларусі ляжыць большы процант зямельнай прасторы, як у Маскоўшчыне, а гэта важная адзнака вышэйшага становішча сельскай гаспадаркі. Часта на Беларусі сеюць лубін, які можна лічыць найлепшым "зялёным гноем", і наагул угнойваюць зямлю лепш, як на Маскоўшчыне. Таксама і сельска-гаспадарчыя прылады на Беларусі лепшыя, як у Маскоўшчыне. Старасьвецкая саха, яшчэ паўсюды пашыраная ў Маскоўшчыне, у нашым краі зрабілася рэдкасьцю і замянілася плугам. Драўляная барана пакрысе выціскаецца жалезнаю, спатыкаецца шмат спранжыновых боран і рандалёў.

Вышэйшае становішча сельскай гаспадаркі выяўляецца і ў пропорцыі засеваў. Параўнаўча з Маскоўшчынай у нас меншую ролю грае збожжа і большую вагу маюць бульба і кармавыя расьліны. Аднак і ў нас збожжам засяваюцца большыя прасторы, чымся ў Нямеччыне або ў Надбалтыцкім краі.