Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З усходу на захад па гэтай паласе цякуць: нізавіна Бугу, сярэдняя частка Віслы, большая частка Варты і яе прытока Нотэца. Апошняя злучана за дапамогай штучнага суднаходнага каналу з прытокай Віслы Брдой і такім чынам злучае Віслу з Одэрам.

Пас нізін адпавядае паўднёвай мяжы апошняга зьледзяненьня. У тыя часы, як гэтая мяжа праходзіла па сучаснай паласе нізін, рэкі, што сьцякалі сюды з поўдня, мусілі абцякаць ледавік і прамылі на яго мяжы вялізныя шырокія даліны. Гэтым тлумачыцца існаваньне ў пасе нізін шырокіх прадоўжных далін, па дне якіх месцам бягуць сучасныя невялікія рэкі. Калі ледавік растапіўся, рэкі, што абцякалі яго з поўдня, прабіліся ў некалькіх месцах праз адкладзеныя лёдам морэны і дасягнулі Балтыцкага мора.

Далей на поўдзень ад пасу нізін распасьціраецца паласа ўзвышшаў Пауднёвай Польшчы. Гэтая краіна можа лічыцца працягам гор Сярэдняй Нямеччыны і складаецца з горстаў і плоскаўзвышшшаў, прарэзаных рэчнымі далінамі.

Рознастайныя паводле выгляду і пахаджэньня часткі Польскага краю зьвязаны ў адну суцэльнасьць рэкамі, галоўным чынам Віслай.

Вісла пачынаецца ў Заходніх Карпатах і ў сваёй вышнявіне цячэ на ўсход на глыбокай даліне, агібаючы з поўдня Паўднёва-Польскія ўзвышшы. Далей Вісла прымае з правага боку прытоку Сан, якая таксама пачынаецца у Карпатах і цячэ па мяжы, што аддзяляе землі, залюдненыя палякамі, ад прастораў з украінскай люднасьцю. Злучыўшыся з Санам, Вісла прабіваецца ў вузкай цясьніне праз пас узвышшаў на поўнач і трапляе ў паласу нізін, дзе зварочвае на паўночны захад і прымае свае галоўныя прытокі: зьлева Піліцу, справа Вепр і Буга-Нарву. Далей у сваёй нізавіне Вісла зноў цячэ на поўнач, прарываецца праз Вазёрныя ўзгор'і і шырока разьліваецца каля мора ў вялізную дэльту.

Галоўныя рэкі Польшчы: Вісла, Одэр і Варта — пачынаюцца блізка адна каля другой, і затым расьцякаюцца ў розныя бакі, ствараючы адзіную сетку добрых прыродных дарог.

Як і ўсе заходня эўропэйскія рэкі, Вісла і Одэр заўсёды маюць вады ў дастатку. Улетку, калі ў горах, у вышнявіне польскіх рэк, выліваюцца дажджы, гэтыя рэкі разьліваюцца. Узімку яны замярзаюць толькі каля берагоў, а па стрыжанях заўсёды застаюцца процечы. Дзякуючы агульнаму кірунку рэк з поўдня на поўнач, крыгі ўвясну пачынаюць ісьці у вышнявінах рэк раней, як у нізавінах, забіваюцца пад лед і ствараюць лёдавыя заторы, якія зьяўляюцца прычынай вялікіх і небясьпечных разводзьдзяў.

Паводле свайго клімату, Польскі край таксама зьяўляецца пераходным паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. Зіма тут кароткая, мяккая, але многа халаднейшая, чымся ў Нямеччыне. Часта сярод зімы сьнег рас-