Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

касьці значных пакладаў вугалю, тут красуе выраб машын, апрацоўка скуры і баваўны і наагул буйная прамысловасьць. Побач з сучаснымі будынкамі музэяў, унівэрсытэтаў (іх тут два), вышэйшых тэхнічных школ, магазынаў і палацаў тут захавалася шмат старасьвецкіх цэркваў і вежаў, і стары замак Вышаград падняты над горадам на высокай прыгожай скале.

У Мараўскай нізіне ляжыць другі важны гандлёва-прамысловы і культурны асяродак Брно (Брюн, 221000 нас.).

Польшча[1].

(Азнач яе географічнае палажэньне. Якое мора абцякае гэты край з поўначы? З якімі краінамі гэты край мяжуецца на захадзе?).

Польшча ляжыць на ўсход ад Гэрманіі і зьяўляецца нібы працягам Паўночнай і Сярэдняй Нямеччыны.

На поўдні гэты край упіраецца ў Карпацкія горныя ланцугі, на поўначы дасягае Балтыцкага мора, але на захадзе і на ўсходзе ня мае зыразных меж. Такім чынам гэты край як-бы злучае Нямеччыну і іншыя краіны Заходняй Эўропы з Літвой, Беларусьсю і іншымі краямі Ўсходняй Эўропы. Зусім няпрыметна польскія раўніны пераходзяць на захадзе ў нізіны Паўночна-Усходняй Нямеччыны, а на ўсходзе — у раўніны Беларусі.

Блізка-што ўвесь Польскі край у ледавіковую эпоху хаваўся пад грубым пластом лёду. Паўночна-эўропэйскі ледавік, спаўзаючы з Фінска-Скандынаўскіх гор, пакрыў усё Балтыцкае мора, якое тады было яшчэ сухазем'ем, насунуўся далей на сучасную Польшчу і дапоўз аж да прыгор'яў Карпат. Як і ў Паўночную Нямеччыну, ледавік прыцягнуў сюды з сабой многа адломкаў фінска-скандынаўскіх - скал-каменьня, жарствы, пяску і гліны, Такім чынам амаль-што увесь Польскі край апынуўся пад тоўстым пластом ледавіковых адкладаў. Паўднёвая і сярэдняя часткі краю ляжалі нядоўга пад вялікім ледавіком: лёд там хутка растапіўся, а ледавіковыя адклады ляглі тонкім пластом, з-пад якога часта выглядаюць на паверхню даўнейшыя земныя пароды. Больш за ўсё ледавіковага навалу адклалася на поўначы старонкі, дзе ледавік затрымаўся і ў працягу многіх вякоў адкладаў усё новыя адломкі паўночных скал. Там з ледавіковага навалу стварылася многа ўзгоркаў і морэнавых грудоў, сярод якіх засталося шмат залітых вадою катлін-вазëр. Ад гэтых назëр паўночная паласа краю набыла назоў Надбалтыцкіх вазёрных узгор'яў.

На поўдзень ад гэтых узгор'яў цягнецца пас нізін, якія зьяўляюцца працягам адпаведнай паласы нізін Паўночна-Ўсходняй Нямеччыны.

  1. Пад словам Польшча мы разумеем тут Польскую географічную краіну, у склад якой уваходзяць далёка ня ўсе ўладаньні Польскай Рэспублікі. Усходняя Галіччына, Заходняя Валынь, Холмчына і Заходняя Беларусь будуць разглядацца асобна пры аглядзе Ўсходняй Эўропы.