Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

комуністычную партыю Чэха-Славаччыны, у якую уваходзяць як чэхі, гэтак і немцы. Сярод чэхаў аднак комуністычная партыя мае значна большы ўплыў, чымсь сярод немцаў, якія баяцца перавагі чэхаў у компартыі.

Нацыянальная барацьба перашкаджала і экономічнаму разьвіцьцю Чэxіі. Да вайны многа чэхаў шукала нацыянальнай свабоды за межамі бацькаўшчыны ў Амэрыцы і нават у адсталай Расіі, дзе чэхі займалі пасады настаўнікаў і капэльмайстраў або займаліся піваварствам і гандлем. Пасьля вайны з Чэхіі пачалі выяжджаць немцы. Адплыў працаздольных і энэргічных эмігрантаў мусіў адбіцца на гаспадарцы. Аднак дзякуючы высокай культуры насельнікаў і добрым прыродным варункам, гаспадарка усё-ж стаіць вельмі добра. Збожжа дае добрыя ўраджаі дзякуючы старэннаму вырабу зямлі і палепшаным спосабам ральніцтва. Побач з збожжам, як і заўсёды пры культурнай гаспадарцы, вялікія прасторы засяваюцца кармавымі расьлінамі, якімі жывіцца добрая мясцовая жывёла. Аднак спажыўных продуктаў не хапае для густога насельніцтва краю, так-што іх прыходзіцца ўвозіць з суседніх краін, галоўным чынам з Вугорскай нізіны. Значную вагу маюць толькі тэхнічныя расьліны, асабліва хмель, на вырабе якога грунтуецца слыннае чэскае піваварства. Для вывазу асабліва важны засевы цукровых буракоў. Маленькая Чэхія паводле вырабу цукру перавышае ўсе іншыя эўропэйскія дзяржавы апрача Нямеччыны.

Чэскі масыў мае ў дастатку розных карысных выкапняў. Вельмі многа ў Чэхіі каменнага вугалю (багатыя паклады яго залягаюць каля прытокі Лабы, Эгеру і ў іншых месцах); ёсьць тут многа жалеза, волава і інш. Карыстаюцца славай запасы графіту, з якога вырабляюць лепшыя гатункі алоўкаў; вельмі многа капаюць белагліньня (каолін), якое ідзе на выраб найлепшага чэскага парцаляну.

Дзякуючы багатым запасам каменнага вугалю, хутка пашыраецца ў Чэхіі фабрычная прамысловасьць. Выраб шкла і парцаляну карыстаецца тут вялікай славай яшчэ ад часу сярэдніх вякоў. У апошнія часы побач з гэтымі старымі галінамі прамысловасьці асталявалася буйная сучасная прамысловасьць: выраб машын і розных жалезных тавараў, ільняніны, баваўнянкі, апрацоўка воўны і г. д. Сырыну для гэтых відаў прамысловасьці прывозяць галоўным чынам з Нямеччыны і часткай з Аўстрыі.

У народнай гаспадарцы значную ролю граюць розныя мінэральныя крыніцы, каля якіх пабудаваліся харошыя шыкоўныя мястэчкі-курорты, у якіх мінэральнай вадой лечацца хворыя з усіх куткоў Эўропы. Хворыя і проста свабодныя багатыя людзі, шукаючы адпачынку, наяжджаюць здалёку у гэтыя курорты, пакідаюць тут шмат грошай і, як у Швайцарыі, даюць значныя заработкі мясцовым насельнікам. Галоўныя курорты (Цепліц, Карлавы Вары або Карльсбад, Марыяньске Лазьне або Марыенбад) ляжаць на поўначы ўласнай Чэхіі.

У асяродку ўласнай Чэхіі на р. Малдаве, прытоцы Лабы, ляжыць сталіца Чэха-Славацкай рэспублікі Прага (676000 нас.). Дзякуючы бліз-