Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

расталі быць перашкодай для зносін, становішча Надбалтыцкага краю хутка зьмянілася. Ужо ў 1159 г. тут першы раз аказаліся немцы, якіх ласкава спаткалі мясцовыя насельнікі. У хуткім часе за першымі нямецкімі гандлярамі сюды надышлі новыя хвалі нямецкіх перасяленцаў, якія пачалі тут прышчапляць тубыльцам хрысьцянскую веру часткай словам, часткай і галоўным чынам сілай зброі. Нямецкія рытары-манахі залажылі тут суполку крыжакоў, пабудавалі сабе замкі па берагох Рыскае затокі, заўладалі усёй зямлёй эстаў і латышоў, а тубыльцаў зрабілі сваімі рабамі. З часам немцы распаўсюджылі тут сваю культуру, лютэранскую веру і нямецкія парадкі. Толькі паўднёва-ўсходняя частка стараны—Літва—спачатку заставалася самастойнай і злучылася з Беларусьсю ў магутную Літоўска-Беларускую дзяржаву. Потым гэтая краіна падпала пад улалу і культурнае панаваньне палякаў, якія сюды занесьлі і каталіцкую веру. У XVІ в. Польшча захапіла і землі латышоў, а ў XVІІ в.—там замацаваліся шведы. У пачатку XVІІІ в. Эстонія і Паўночная Латвія (Ліфляндыя) адышлі да Расіі, а ў канцы гэтага веку пасьля апошняга падзелу Польшчы Масква далучыла да сябе яшчэ і паўднёвую частку латыскіх зямель (Курляндыю) і большую частку Літвы. Толькі паўднёва-заходняя краіна засталася пад Нямеччынай.

Маскоўскі ўрад аднак зусім не клапаціўся аб дабрабыце насельнікаў краю. Уціск, прымус і прыгняценьне панавалі тут праз увесь час маскоўскага забору. Праўда, эстонцы і латышы звольніліся ад прыгону раней за беларусоў і маскоўцаў (яшчэ ў пачатку XІX веку), але ўсе іх землі засталіся за нямецкім шляхецтвам, а эстонскія і латыскія сяляне мусілі працаваць на гэтых землях, як парабкі, пад пагрозай панскай пугі. Нямецкія земляўласьнікі ўладалі тут такімі вялікімі маёнткамі, якіх ня было болей нідзе ў даўнай Расійскай імпэрыі (сярэдняя велічыня маёнткаў дасягала 3500 дзес.). Маёнткі знаходзіліся ў маëратным уладаньні і непадзельна пераходзілі ад бацькаў да старэйшых сыноў. У гарадох таксама панавалі нямецкія бюргеры, гандляры, чыноўнікі. Аднак нацыянальны рух сярод эстонцаў і латышоў ужо распачаўся. у 1917 г. пасьля Расійскай рэволюцыі край адразу вызваліўся ад уціску расійскага ураду ад панаваньня нямецкіх баронаў.
Пасьля рэволюцый у Расіі і Нямеччыне у межах надбалтыцкага краю ўтварыліся з самастойных рэспублікі: Эстонія, Латвія і Літва, межы якіх прыблізна адпавядаюць граніцам разьмяшчэньня трох галоўных народаў: эстонцаў, латышоў і літоўцаў. Паўднёва-заходняя частка, так званая Усходняя Прусія, засталася пад Нямеччынай. Кожную з гэтых частак можна разглядаць, як асобную географічную краіну.


Эстонія выразна адмяжоўваецца ад суседніх краін шырокай лагчынай, якая ахапляе яе з паўдня і ўсходу. Лагчына гэтая цягнецца на ўсход ал Рыскай затокі па даліне ракі Пернавы, вадазбор якой толькі нізкім балотным вадападзелам адлучан ад вадазбору возера Вірц-Ярві. 3 ВірцЯрві у вялікае Чудзкае возера цячэ рака Эмбах, а з Чудзкага возера на поўнач — у Фінскую затоку — р. Нарова.