Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

уплываў. Фіны стварылі ўжо сваю ўласную культуру, і ў некаторых галінах навукі і мастацтва зраўняліся з сваймі заходнімі суседзямі. Няпісьменных у Фінляндыі няма. У кожным мястэчку тут выдаюцца газэты, ёсьць народныя ўнівэрсытэты, культурна-асьветныя, музыкальныя, драматычныя, спортыўныя навуковыя гурткі. Дакладнае пазнаньне роднага краю лічыцца абавязкам кожнага грамадзяніна і мае вялікую вагу ў школе. Бязмала ўсе насельнікі Фінляндыі трымаюцца запазычанай ад швэдаў лютэранскай веры, якая ў мінулыя часы значна дапамагала пашырэньню ў краіне асьветы і швэдзкай культуры.

3 1809 да 1917 г. Фінляндыя належала да Расіі, але ўвесь час карысталася шырокім самаўрадам і мела свой уласны сойм.

Цяперашняя Фінляндыя―самастойная рэспубліка (прастора 387430 кв. клм., лік насельнікаў 3370 тыс. чал.). Да яе належыць частка Лапаршчыны і ў тым ліку акруга ракі Пячэнгі з маленькай часткай узьярэжжа Барэнцава мора.

У Фінляндзкім сойме цэнтральнай політычнай партыяй зьяўляецца

дробна-буржуазная сялянская партыя, а левае крыло складаецца з работніцкіх соцыялістычных партый. У 1918 г. соцыялістыя кіравалі Фінляндзкай рэволюцыяй, якая была спынена за дапамогай нямецкага войска.

Пасьля вайны фінскія соцыялістыя падзяліліся на 2 партыі―соцыял-дэмократычную, якая працуе ў згодзе з буржуазіяй, і соцыялістычную працоўную, якая ўваходзіць у склад Комінтэрну. У профэсыянальных саюзах большым уплывам карыстаецца

апошняя.


Большасьць фінскіх сялян жыве досыць заможна і валадае значнымі кавалкамі зямлі па 25-100 дзесяцін кожны. Буйных земляўласьнікаў мала. Як і ў Швэдзіі, ёсьць і бязьзямельныя сяляне — "торпары", якія арандуюць зямлю ў уласьнікаў або бяруць у вечную арэнду дзяржаўную зямлю. Як і ў Скандынавіі, хутары сустракаюцца часьцей, чым вёскі. Калі-ж хаты і складаюцца ў вёску, дык ніколі не стаяць цесна адна каля другой, і вясковыя пажары дзеля таго ня прыносяць столькі шкоды, як у Расіі або на Беларусі. Вялікіх гарадоў мала. Толькі сталіца—Гельсінгфорс (пафінску Гельсінкі) налічвае болей за 100000 (189 000 нас.) Горад гэты ляжыць на беразе фінскай затокі. Гэта галоўны пункт Фінляндзкага замежнага гандлю, багаты прыгожымі будынкамі сучаснага тыпу (унівэрсытэт, політэхніка, сойм, музэі, тэатры), харошымі паркамі (выдатны ботанічны сад), вялізнымі саборамі і рознастайнымі царквамі.

Мал. 77.-Фін.