Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У той час, як у Норвэгіі сярод паселішчаў пераважваюць хутары, у Паўднёвай Швэдзіі часьцей сустракаюцца вёскі. Гарадоў тут таксама болей; гандлёва-прамысловае значэньне іх вялікшае.

На мяжы Паўднёвай і Паўночнай Швэдзіі на пратоцы з возера Мэляр у Балтыцкае мора ляжыць сталіца Швэдзкага каралеўства Стокгольм (419000 нас.) Забаронены скалістымі шхерамі ад паўзьбярэжнага хваляваньня, Стокгольм зьяўляецца важнай прыстаньню і вядзе бойкі гандаль з Расіяй, Фінляндыяй, Эстоніяй і Латвіяй. Многалічныя каналы ў розных кірунках пераразаюць горад і дадаюць яму падобнасьць да Вэнэцыі. Наагул горад зьяўляецца адным з прыгажэйшых у Паўночнай Эўропе.

Другі па велічыні горад краіны Ётэборг (Готэнбург 202000 нас.) ляжыць на захадзе каля вусьцяў ракі Ёты. Многалічныя пільні, майстэрні караблёў, машынныя і баваўняныя фабрыкі робяць яго важным прамысловым асяродкам. Як гандлёвая прыстань, Ётэборг гандлюе з Ангельшчынай і Голяндыяй.

Самым важным прамысловым асяродкам краіны зьяўляецца Норчэпінг (58000 н.), што ляжыць на беразе Балтыцкага мора на поўнач ад выйсьця канала, які злучае гэтае мора з возерам Вэтэр. Тут згуртаваліся буйныя фабрыкі, на якіх апрацоўваецца воўна і баваўна.

Асяродкам вырабу слынных швэдзкіх сярнічак лічыцца Ёнчэпінг на паўднёвым беразе возера Вэтэр.

На крайнім поўдні насупроціў Копэнгагену ляжыць важная прыстань Мальмэ (114000 насельн.).

Паўночная Швэдзія займае ўсходні адхонны пакат Скандынаўскага ўзвышша і прыступкамі спадае ў бок Балтыцкага мора.

Як і ў Норвэгіі, гэтак і тут спрадвечныя граніты, гнайсы і крышталічныя лупнякі пакрыты толькі тонкім пластом морэнавых адкладаў, а месцам і зусім выступаюць на паверхню. З паўночнага захаду на паўднёвы ўсход па краіне цякуць рэкі, шпаркія, парогавыя, гожыя хіба для сплаву бярвеньня.

Прыблізна 8% усёй плошчы краіны знаходзіцца под вазёрамі, даўгімі і вузкімі, выцягнутымі ў тым самым кірунку, што й рэкі, у кірунку руху даўных ледавікоў.

Клімат Паўночнай Швэдзіі сухі, контынэнтавы, бо Скандынаўскія горы засланяюць яе ад уплыву морскіх заходніх вятроў. Лета тут досыць цёплае, зіма сьцюдзёная, ападкаў мала. 3 гэтага боку краіна нагадвае Ўсходнюю Эўропу.

У мястэчку Ўмэо на ўсходнім беразе сяр. тамп. году +1,5°, сяр. студзеня -9,0°, ліпеня +14,5°, ападкаў 410 мілім.

Па выглядзе расьліннасьці краіна належыць да заходня-эўропэйскага пасу ігластых лясоў. Хваёвыя бары і яловыя лясы апранаюць скрозь усю прастору краіны. Рэдка калі сярод лясоў прагляне поплаў, кавалак сена-