Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Продкі сучасных норвежцаў, так званыя норманы, ужо ў сярэднія вякі разьяжджалі на сваіх чаўнох па ўсіх морах Эўропы. Яны вынайшлі і залюднілі Ісляндыю, адшукалі Грэнляндыю і нават раней за ўсіх іншых эўропэйцаў, яшчэ за некалькі вякоў да Колюмба, дасягнулі берагоў Паўночнай Амэрыкі.

Хмурая прырода, цяжкія варункі барацьбы за існаваньне зрабілі норвэжцаў такімі-ж хмурымі, маўклівымі, замкнутымі ў сабе. Надзвычайная сумленнасьць, ахайнасьць, высокае становішча асьветы, нацыянальная сьвядомасьць зьяўляюцца станоўчымі адзнакамі гэтага народу.

Да 1814 г. Норвэгія была злучана з Даніяй, дый цяпер мова норвэжцаў тая самая, што мова даньцаў. Потым краіна была далучана да Швэдзіі, але карысталася шырокім самаўрадам.

Цяперашняя Норвегія (з 1905 г.) — самастойнае констытуцыйнае каралеўства з дэмократычным дзяржаўным ладам. (Прастора гэтай дзяржавы — 323.960 кв. клм., лік насельнікаў—2650000).

Прывілеі шляхты ў Норвэгіі даўно зьнішчаны, усе грамадзяне карыстаюцца аднальковымі правамі. У зьвязку з адноснай свабодай друку і агітацыі ў Норвегіі хутка пашыраецца работніцкі рух. Комуністычная партыя зьяўляецца адной з наймацнейшых партый норвэскага парлямэнту. У поўнай меры пад яе ўплывам знаходзіцца профэсыянальны рух.

Няпісьменных у краіне зусім няма; пісьменства і навука стаяць вельмі высока. Сусьветнай славай карыстаюцца як норвэскія пісьменьнікі, гэтак і вучоныя падарожнікі, асабліва дасьледчыкі падканцавосных краёў (фрытыёф Нансэн).

Апрача Норвэскай краіны да Норвэскай дзяржавы належыць востраў Шпіцбэрген, што ляжыць на поўнач ад Эўропы. Гэты востраў бязьлюдны і занадта халодны, але багаты на каменны вугаль.

Гушчыня залюдненьня ў Норвэгіі невялікая. Кавалкі зямлі, гожыя для аселага жыцьця, тут раскінуты ў невялікай колькасьці сярод бязьмежных бязьлюдных фіельдаў. Залюднены пераважна берагі фіордаў; тут сустракаецца многа хутароў і гарадоў, маленькіх, але чыстых і культурных. Толькі сталіца Норвэскай дзяржавы — Хрыстыянія (258000 нас.) зьяўляецца вялікім і багатым горадам. Ляжыць яна на поўдні ў тэй частцы краіны, якая перакінулася на ўсходні схіл Скандынаўскіх гор, у прыгожай мясцовасьці на беразе фіорду. Адгэтуль вывозіцца лес, а сюды прывозяць збожжа з Польшчы і фабрычныя вырабы з Ангельшчыны і Нямеччыны. Тут знаходзіцца унівэрсытэт, парлямэнт, палац караля. Ваколіцы гораду ― самы даступны, багаты і ўраджайный куток краіны. Ува ўсе бакі ад Хрыстыяніі разыходзяцца чыгункі і між іншым галоўная з іх, якая пераразае горы і цягнецца па даліне ракі Глёмэн, адзінай ракі краіны, гожай для сплаву.