Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўрэзаныя ў сухазем'е морскія затокі-фіорды падзяляюць гэтую раўніну на асобныя масывы з зрывыстымі схіламі і плоскімі вярхамі. Гэтыя масывы завуцца фіельдамі. Выгляд гор яны маюць толькі тады, калі на іх глядзець з фіордаў, зьнізу. Найвышэйшыя з фіельдаў хаваюцца пад вечным сьнегам, які там пакрысе ператвараецца ў зерналёд і зьяўляецца крыніцай вялізных ледавікоў, спаўзаючых месцам проста ў фіорды. Сьценкі фіордаў паўсюды абшарпаны і абдрапаны сучаснымі і даўнымі ледавікамі. Фіорды гэтыя, вузкія й глыбокія, далёка ўразаюцца ў сухазем'е паміж фіельдаў, многаразова разьвільваюцца і прыдаюць краіне змрочнае хараство.

Мал. 73.-Фіорд у Норвэгіі.

(Самы даўгі з Норвэскіх фіордаў - Сонье-фіорд, самыя высокія фіельды — Етунфіельды, найвышэйшы пункт якіх Гальгепіг дасягае 2600 м. н. р. м. Найвялікшыя з паўзьбярэжных астравоў — Ляфоцкія).

Дзякуючы перавазе заходніх вятроў, якія прыносяць у Норвэгію цяплыню і вільгаць Гольфштрому, клімат гэтай краіны морскі, роўны. Лета тутака прахалоднае, значна халаднейшае, як у нас, зіма адліжная, безмарозная. Мора тут ніколі не замярзае, нават на далёкай поўначы (на шырыні 710 пн.), бо ўсюды яно аграваецца цёплым Гольфштромам. Ападкаў тут па схілах гор выпадае вельмі многа (у Бэргене 1860 міл.). Вярхі фіельдаў і ўзьбярэжжа адкрытага мора адзначаюцца хмарнасьцю, вечным туманам. Рэдка калі сонечная касулька прарэжа імглу ды асьвеціць хмурыя норвэскія скалы. У фіордах і замкнутых гарамі далінах неба часьцей бывае ясным, і сонца часьцей выглядае з-за хмар.

Сярэдняя тэмпэратура году у Бэргене на заходнім узьбярэжжы +7,0°, сярэдняя студзеня -0,9°. сярэдняя ліпеня + 14,4°.

Клімат ня спрыяе земляробству, дый грунтоў, гожых на ральлю, вельмі мала. Скалаватыя, змрочныя фіельды, зрывістыя ўзьбярэжжы фіордаў перашкаджаюць ральніцтву яшчэ болей, як клімат. Няўжыткі займаюць 71% паверхні, і толькі 2% пакрываюць нівы. Аднак насельнікі краіны ўважаюць ральніцтва, старэнна вырабляюць кожны кавалак гожай на ральлю зямлі, сеюць там бульбу і авёс.