Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Заходні зрывісты схіл Скандынаўскага ўзвышша, павернуты ў бок адкрытага Атлянтычнага акіяну (або лепей кажучы ў бок Норвэскага мора, як завецца прылеглая да Скандынавіі частка яго), знаходзіцца пад беспасрэдным уплывам Гольфштрому. Клімат гэтага схілу вільгатны, морскі, хмарны, фіорды не замярзаюць нават у самыя сьцюдзёныя зімы. Наадварот, на ўсход ад узвышша клімат сухі, лета цёплае, зіма халодная, так што Белае і Балтыцкае моры замярзаюць на доўгі час. Самае ўзвышша мае халодны і жорсткі клімат. Вышэй 1200-1600 м. н. р. м. там ляжыць вечны сьнег і адтуль у фіорды спаўзаюць значныя сучасныя горныя ледавікі. На ўзвышшах ніжэй мяжы вечнага сьнегу і на крайняй поўначы расьце толькі мох ды лішай. У сярэдзіне і на поўдні стараны па нявысокіх раўнінах растуць хваёвыя бары з прымешкай бярозы і елкі. На поўдні па іх далучаецца дуб і іншыя ліставыя дрэвы, а на самым паўднёвым выступе сустракаецца нават бук. Там, дзе растуць лясы, там магчыма і ральніцтва. Сеюць тут пераважна авес, ячмень, жыта і бульбу. На поўдні, там, дзе пачынаюцца мяшаныя лясы з дубамі і ліпамі, можа расьці нават пшаніца. Аднак зямлі, гожай на ральлю, усюды мала. Голыя скалы і зрывістыя схілы гор, адсутнасьць ураджайных грунтоў перашкаджаюць ральніцтву. З гэтай прычыны насельнікі займаюцца болей гадоўляй жывёлы, ляснымі промысламі ды рыбацтвам.

Даўнейшымі насельнікамі стараны лічацца лапары, народ фінскага племя, які цяпер захаваўся толькі на ўбогіх тундрах поўначы дый там пакрысе вымірае. З лепшых зямель сярэдняй і паўднёвай паласы краю лапароў даўно выціснулі болей здольныя норвэжцы, швэды, фіны-тавасты і карэлы. Норвежцы і швэды-доўгагаловыя, сьветласкурыя, блакітнавокія прадстаўнікі гэрманскага племя. Яны жывуць на Скандынаўскім паўвостраве, запазычылі ад немцаў лютэранскую веру і адзначаюцца высокай ступеньню асьветы і культуры. Фіны-тавасты і кроўныя ім карэлы жывуць на Фінскім пярэсмыку, паводле сваёй мовы належаць да фінскай галіны жоўтай расы, але па абліччы мала адразьняюцца ад сваіх заходніх суседзяў. Тавасты запазычылі ад швэдаў веру і культуру: карэлы знаходзяцца пад уплывам маскоўцаў і запазычылі ад іх праваслаўную веру.

Згодна з гэтымі асаблівасьцямі насельнікаў, а таксама прымаючы пад увагу асаблівасьці прыроды, Фінска-Скандынайскі масыў можна падзяліць на б паасобных краін: 1) Норвэгíю, 2) Паўднёвую Швэдзію, 3) Паўночную Швэдзію, 4) Лапаршчыну, 5) Фінляндыю і 6) Карэлію.

Норвэгія — гэта краіна фіельдаў і фіордаў. Вузкай істужкай цягнецца яна па паўночна-заходнім узьбярэжжы Скандынаўскага паўвострава ад Скагераку да самага паўночнага канца Эўропы. У склад яе ўваходзіць магутны хрыбет Скандынаўскіх гор і кароткі зрывісты заходні схіл іх. Назоў гор мала падыходзіць да Скандынаўскіх узвышшаў. Хутчэй гэта хвалістая раўніна, вельмі высока паднятая над роўнем мора. Глыбока