Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ска-Скандынаўскі масыў заставаўся сухазем'ем, востравам, скалы якога ўздымаліся над хвалямі бязьмежнага акіяну. Аднак і тут берагавая лінія некалькі разоў перасоўвалася або ў бок сухазем'я, або ў бок мора. Калісь гэтая старана ляжала значна вышэй, як цяпер, але мора заталіла паўзьбярэжныя часткі яе; вузкія горныя даліны запоўніліся морскай вадой і зрабіліся вузкімі затокамі мора, так званымі фіордамі, якіх асабліва многа на заходнім беразе масыву; часткі паўзьбярэжных скал аддзяліліся ад сухазем'я і зрабіліся многалічнымі маленькімі астравочкамі-шхерамі, якія нібы насеяны па берагох Батніцкае затокі. З другога боку быў і такі час, што мора пакрывала значныя часткі стараны, цяпер сухаземныя. Па берагох на скалах можна прымеціць выгрызеныя паўзьбярэжным хваляваньнем прыступкі-тэрасы, якія цяпер ляжаць многа вышэй роўня мора. Нават і цяпер паволі берагавая лінія перасоўваецца ў бок мора, і паўзьбярэжныя скалы што-год падымаюцца прыблізна на 1 сантымэтр.

Масыўныя спрадвечныя скалы—граніты, гнэйсы і крышталічныя лупнякі—па ўсёй старане складаюць павярхоўны пласт земнай кары і толькі месцам пакрываюцца тонким слоем глебы. Калісь з гэтых скал складаліся тут вялізныя ланцугі зморшчавых гор, але многа мільёнаў гадоў тут: адбывалася выпятрэньне гэтых гор, і ўрэшце старана зрабілася плоскай раўнінай, заходняя частка якой з часам зноў паднялася і зрабілася магутным узвышшам, якое завецца Скандынаўскімі гарамі, крута абрываецца на захад і павольна, прыступкамі зьніжаецца на ўсход.

Сучасны свой выгляд паверхня краю атрымала ў ледавіковую эпоху, калі тут утварыўся вялікі ледавік, у некалькі верст таўшчынёю, і пачаў адгэтуль спаўзаць на поўдзень і паўднёвы ўсход. Увесь той ледавіковы навал, пад якім апынуліся Паўночная Нямеччына, Польшча, Беларусь, Паўночная Расія, усе гэтыя морэнавыя гліны, пяскі, жвір і ледавіковае каменьне былі вышчарблены лёдам з скал Фінска-Скандынаўскага масыву. Тут ледавік павыкопваў глыбокія яміны, павыламваў з скал вялікія і дробныя кавалкі, якія ўмерзьлі ў тоўшчу лёду і разам з ім спаўзьлі на поўдзень. Найвялікшыя адломкі скал, якіх ледавік ня здолеў перасунуць на поўдзень, засталіся на месцы, але, перапаўзаючы цераз іх, ледавік іх абгладзіў умерзлым у лёд каменьнем. Гэтыя згладжаныя скалы ды яшчэ вазёры, пераважна вузкія і даўгія, выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, якімі зрабіліся выкапаныя ледавіком яміны,—зьяўляюцца галоўнымі асаблівасьцямі фінска-скандынаўскага краявіду.

Рэкі стараны адзначаюцца шпаркім цячэньнем, маюць шмат парогай і вадаспадаў. Найвялікшыя з іх цякуць у Балтыцкае мора і маюць выгляд пратокаў паміж ледавіковымі вазёрамі. На захад з Скандынаўскіх гор сьцякаюць толькі караценькія рэчкі. Спачатку яны павольна бягуць па ўзвышшы, потым раптам у сваіх нізавінах абурваюцца ўніз у фіорды, ствараючы вялікія вадаспады.