Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ляком жылося кепска і пад расійскім і пад нямецкім панаваньнем, але з прычыны вышэйшай культуры немцаў іх уціск быў больш небясьпечным для польскага народу. У Познані немцы

скуплялі польскія землі, а палякоў прымушалі вучыцца панямецку, так што там палякі патроху забываліся на родную мову і пачыналі анямечвацца.

Большасьць насельнікаў краіны жыве па вёсках і фольварках, але гарадоў там усё-ж-ткі многа болей, як у нас на Беларусі. Гарады маюць звычайна заходня-эўропэйскі выгляд. Готычныя касьцёлы, прыгожыя гарадзкія сады, добрыя, чыста брукаваныя вуліцы, зграбныя цагляныя будынкі дадаюць польскім местам падобнасьць да нямецкіх гарадоў.

Сталіца Польскай Рэспублікі Варшава (931 тыс. насельн.) ляжыць у сярэдзіне краіны на Вісьле паміж вусьцяў Буга-Нарвы і Піліцы. Тут крыжуюцца вельмі важныя чыгункі, што злучаюць Ленінград - Вільню з Венай і Італіяй, а таксама Маскву-Менск з Бэрлінам і Парыжам. Дзякуючы такому палажэньню. Варшава зьяўляецца галоўным гандлёвым асяродкам Польшчы.

Мал. 71.―Старое Места ў Варшаве.

Як прамысловы асяродак, Варшава мае многа розных фабрык, на якіх перапрацоўваюцца воўна, скура, шоўк, вырабляюцца машыны, цукер, адзеньне. Варшаўскае абуцьце карыстаецца сусьветнай славай.

У Варшаве, як у польскай сталіцы, жыве прэзыдэнт Польскай рэспублікі, знаходзяцца габінэт міністраў, сэнат і сойм.

Як у культурным асяродку краіны, тут ёсьць унівэрсытэт, політэхніка і многа іншых вышэйшых школ. Сюды зьяжджаецца вучыцца моладзь з усіх канцоў Польшчы.