Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цераз Расійска-Нямецкую мытнічную мяжу. Гандлем з усходам зацікавіліся і польскія капіталістыя. У Польшчы адчыніўся польскі банк, які спэцыяльна дапамагаў польскім капыталістым купляць рудні і капальні, будаваць фабрыкі і гуты. На варшаўскіх і лодзінскіх фабрыках пачалі перапрацоўваць ня толькі ўсходняэўропэйскую, але нават азійскую сырыну: туркестанскую баваўну і сібірскую воўну. Варшаўскае абуцьцё і лодзінская крамніна вывозіліся ўва ўсе куты даўнай Расійскай імпэрыі, на Каўказ, Туркестан і ў Сібір.

Аднак фабрычная прамысловасьць разьвілася галоўным чынам у тэй частцы краіны, якая належала да Расіі. Тая-ж частка пасу нізін, што ляжала ў межах даваеннай Нямеччыны, заходняя частка Вялікай Польшчы, або так званая Познань, заставалася сельска-гаспадарчай акругай. Калі там і ёсьць фабрык, дык толькі такія, якія вырабляюць сельска-гаспадарчыя

машыны або апрацоўваюць мясцовыя сельска-гаспадарчыя продукты.

Нізінная частка Польшчы займае вельмі выгоднае палажэньне. Па гэтай краіне пралягаюць галоўныя шляхі з Маскоўшчыны і Беларусі ў Заходнюю Эўропу. Цераз вадазбор Віслы злучаны рэчныя ўклады Дняпра і Одэру; галоўныя гандлёвыя чыгункі з Усходняй Эўропы ў Нямеччыну, Чэхію, Аўстрыю і Францыю таксама праходзяць праз Сярэднюю Польшчу. З даўных часоў краіна была пасярэдніцай у гандлі прамысловых культурных краëў Заходняй Эўропы з адсталымі краінамі Усходняй Эўропы, дзе вырабляецца пераважна сырына.

Насельнікі Сярэдняй Польшчы належаць галоўным чынам да двох пляменьняў польскага народу: на захадзе, па Варце, жывуць вялікапалякі, на ўсходзе, у вадазборы Віслы, пераважваюць мазуры. Як першыя, гэтак і другія адразьняюцца ад малапалякаў вышэйшым ростам, сьвятлейшым колерам скуры і валасоў, спакайнейшым, болей вытрыманым характарам, большай працаздольнасьцю. Вопратку яны маюць цямнейшую, звычайна шэрага або сіняга колеру. Вялікапалякі трохі падобны да немцаў. Яны болей шануюць дысцыпліну, адзначаюцца меншай прыветлівасьцю, большай жорсткасьцю, чымся вясёлыя жвавыя мазуры.

Заходняя частка краіны Вялікая Польшча і Куявы―можа лічыцца калыскай Польскай дзяржаўнасьці. Тамака стварылася Польскае каралеўства, і адтуль улада польскіх каралёў пашыралася на ўсход па ўсіх землях, залюдненых палякамі, і на захад аж да Лабы. Пасьля таго, як Польшча страціла свае ўладаньні на захадзе, страціла сваю вагу і Вялікая Польшча. На першае месца вышла спачатку Малая Польшча, а пасьля таго, як Польшча злучылася з Літоўска-Беларускім княствам, на чале Польскай Рэчы Пасполітай апынулася Мазуршчына, усходняя палова пасу нізін.

Мазуры колёнізавалі Падлясьсе і Віленшчыну і кіравалі польскімі паўстаньнямі супроць расійскага ўраду.

Пасьля падзелаў Польшчы большая частка Вялікай Польшчы і часьцінка Куяваў, пад імем провінцыі Познані, увайшлі ў склад Нямеччыны (Прусіі), рэшта краіны адышла да Расіі. Па-