Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пэўнага росту. Месцам па лясох пад аховай уласьнікаў захавалася многа дзікіх зьвяроў: дзікаў, дзікіх коз, зайцоў і розных птушак. Па гэтых зьвярынцах часам дзеля забавы палююць буйныя земляўласьнікі―уладары гэтых лясоў. На захадзе краіны ў так званых Куявах і ў Вялікай Польшчы лясоў засталося мала, так што там насельнікі краіны паляць печы саломай, торфам або вугалем.

Большая частка балот краіны асушана, а там, дзе ня было магчымасьці асушыць балоты, павыкапваны саджалкі, у якіх гадуюць рыбу. На захадзе ёсьць і прыродныя вадаёмы―вазёры.

Гаспадарка у краіне наагул стаіць добра. Зямлю угнойваюць штучнымі і зялёнамі гнаямі, пры вырабе зямлі карыстаюцца палепшанымі сельска-гаспадарчымі прыладамі і трымаюцца найвыгаднейшых спосабаў ральніцтва. Збожжа асабліва добра родзіць у Куявах на гляістай багатай глебе, адкладзенай на дне вазёр, якія там калісь былі значна большымі, як цяпер. Добра стаіць гаспадарка і ў Вялікай Польшчы, дзе ад немцаў народ навучыўся лепш вырабляць зямлю.

Жытам, пшаніцай, аўсом, ячменем і бульбай краіна задавальняе ўсю Польшчу. Як і ўсюды пры шматпалёўцы, значныя прасторы ворнай зямлі засяваюцца кармавымі расьлінамі: канюшынай, вікай, кармавымі буракамі і г. д. З тэхнічных расьлін паўсюды, асабліва на захадзе, сеюць цукровыя буракі, табаку, хмель, цыкорыю. Каля сядзібаў па вёсках, дварох і мястачках многа садоў. Дзякуючы вялікім запасам кармавых расьлін, добра пастаўлена і гадоўля жывёлы, асабліва ў Вялікай Польшчы, дзе трымаюць найлепшых коняй і быдла. Наагул заходняя частка краіны можа лічыцца за адну з багацейшых сельска-гаспадарчых акруг Эўропы. Наадварот, на ўсходзе, у так званай Мазуршчыне, дзе глеба горшая і дзе яе ня так старанна вырабляюць, сельская гаспадарка стаіць далёка ня гэтак высока.

Падземных багацьцяў у пасе нізін ня вельмі многа. Нетракапальная прамысловасьць, як і сельская гаспадарка, вышэй стаіць на захадзе ў Куявах. Там каля мястэчка Іновроцлаў здабываюць досыць многа кухеннай солі і бурага вугалю. Мясцовага апалу для фабрык краіны не хапае, а вугаль для іх прывозіцца з Шлёнску. Фабрык наагул многа, асабліва пашыраны такія фабрыкі, на якіх перапрацоўваюцца сельска-гаспадарчыя продукты; цукраварні, бравары, гарбарні, а таксама фабрыкі, на якіх вырабляюцца сельска-гаспадарчыя машыны. Апрача таго ёсьць фабрыкі, на якіх вырабляюць крамніну, абуцьцё і г. д.

Фабрычная прамысловасьць пачала хутка пашырацца ў краіне з сярэдзіны мінулага веку. Зьнішчэньне мытнічнай мяжы між Расіяй і Польшчай адчыніла для польскіх фабрычных вырабаў доступ на бязьмерна вялікую прастору сельска-гаспадарчых краёў Усходняй Эўропы. У зьвязку з гэтым на тэрыторыі Расійскай Польшчы пачалі будаваць свае фабрыкі нават нямецкія капіталістыя, якім было выгадней вывозіць фабрычныя вырабы адгэтуль бяз мыты на ўсход, чымся перавозіць такія вырабы