Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Асяродкам Люблінскага плоскаўзвышша зьяўляецца места Люблін (100 тыс. насельн.) з новым унівэрсытэтам.

Болей за ўсё гарадоў пабудована ў прамысловых акругах Горнага Шлёнску і на захадзе Малапольскага ўзвышша.

Месцам гарады, фабрычныя мястэчкі і капальні зрастаюцца там у адзінае вялікае згуртаваньне комінаў і будынкаў, як у Бэльгìі або каля Бірмінгэму. Як і там, у паветры тут заўсёды вісіць дым і смаль; як і там, сьвіст гудкоў вечна зьліваецца з клумам і лясканьнем машын.

Адным з галоўных асяродкаў гэтага прамысловага кутка зьяўляецца места Сасновіцы (86 тыс. насельн.). Гэтае места ляжыць на зямлі, якая належала раней да Расіі, але блізка яе былых меж з Аўстрыяй і Нямеччынай. У ваколіцах Сасновін капаюць слынны дамброўскі вугаль, здабываюць цынк і срэбна-валавяную руду, а ў самым горадзе пашырыўся выраб крамніны і жалезных рэчаў. На поўнач ад Сасновіц ляжыць Чэнстахоў (82000 насельн.), вядомы вырабам крамніны і сернікаў.

У Чэнстахове знаходзіцца вядомы кляштар, які карыстаецца вялікай популярнасьцю сярод польскіх каталікоў.

На захад ад Сасновіцкай акругі па той бок былай расійска-нямецкай мяжы дзесяткі гарадоў ляжаць адзін каля другога і супарнічаюць у вырабе жалезных прылад. Галоўны з іx Крулеўска-Гута некалькі дзесяткаў гадоў назад быў маленькай вёскай, а цяпер налічвае 75 тысяч насельнікаў. мае многа харошых крам і вялікіх фабрык.

На поўдзень адгэтуль на мяжы з Чэхіяй у так званым Цешынскім Шлёнску ляжыць падвойны прамысловы горад Астрава (54 тыс. нас.). Заходняя частка гэтага места завецца Мараўскай Астравай і залюднена чэхамі; усходняя частка, залюдненая палякамі, завецца Польскай Астравай. У ваколіцах Астравы многа капальняў каменнага вугалю, якім карыстаюцца буйныя фабрыкі гораду.

Пас нізін або Сярэдняя Польшча ляжыць на поўнач ад Малапольскіх узвышшаў у вадазборы сярэдніх частак Віслы і Варты. Тутэйшыя рэкі прабягаюць галоўным чынам з усходу на захад на шырокіх далінах, прамытых яшчэ ў ледавіковую эпоху тымі рэкамі, што абцякалі тут паўднёвую мяжу ледавіка, калі гэтая мяжа затрымалася ў паўночных частках краіны.

Большая частка пасу нізін зьяўляецца вельмі роўнай краінай, так што рэкі тут маюць зусім малы нахіл дна і цякуць ляніва, павольна. Толькі берагі старых далін, калі на іх глядзець зьнізу, маюць выгляд узгор'яў, але нават і яны ляжаць нявысока над роўнем мора. (Варшава ляжыць на вышыні 110 мэтраў над р. м., а Познань у даліне Варты — паднята над роўнем мора толькі на 52 мэтры).

Калісьці ўсю краіну пакрывалі лясы і балоты. Лясоў, асабліва на ўсходзе, засталося многа і да гэтага часу. Па лясох здаўна заведзена правільная лясная гаспадарка; дрэвы высякаюцца толькі тады, калі дасягнуць