Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вельмі густой залюдненасьцю. (Месцам тут жыве каля 1000 чалавек на 1 кв. кілём.). Такім чынам гэты куток нагадвае ваколіцы р. Рур у Нямеччыне, прамысловыя акругі Бэльгіі і Паўночна-Заходняй Ангельшчыны.

Карысныя мінэралы трапляюцца ня толькі ў Горным Шлěнску, але таксама і ў іншых частках пасу ўзвышшаў.

На Малапольскім узвышшы капаюць руды жалеза, цынку і волава; у Заходняй Галіччыне (каля местаў Бохні і Вялічкі пад Кракавам) тоўстымі пластамі залягае каменная соль.

Соль каля Вялічкі здабываецца ўжо болей за 800 гадоў, так што да цяперашняга часу з верхніх пластоў соль ужо выбралі. Цяпер соль там капаюць на глыбіні 150 сажняў.

У апошнія часы ў Заходняй Галіччыне вынайшлі і нафту. Аднак у Заходняй Галіччыне і асабліва на Люблінскім плоскаўзвышшы галоўным заняткам люднасьці зьяўляецца сельская гаспадарка. Там сеюць многа пшаніцы, цукровых буракоў, табакі, лёну. Наагул у гаспадарчым жыцьці Польшчы пас узвышшаў грае вельмі важную ролю. Гэта―найбагацейшая і найгусьцей залюдненая краіна Польскага краю (на 1 кв. клм, у сярэднім тут жыве 132 ч.).

Насельнікі Паўднёвай Польшчы, так званыя малапалякі, адразьняюцца ад паўночных палякаў цямнейшым колерам скуры, вачэй і валасоў, большай рухавасьцю, вясёласьцю, жвавасьцю. Барвістая вопратка іх, белая, чырвоная або пярэстая, слыне за найпякнейшую ў Польскай старонцы.

Паўднёвая Польшча завецца іначай Малой Польшчай, бо ў політычнам жыцьці Польскай дзяржавы пазьней пачала прымаць удзел, чымся Польшча "Вялікая". Слова "Малая" у адносінах да гэтай часткі Польшчы мае значэньне слова "Малодшая". Аднак пачынаючы з XІV веку, Малая Польшча заняла першае, кіраўнічае месца ў політычным жыцьці Польскай дзяржавы. Галоўны горад краіны - Кракаў - зрабіўся польскай сталіцай і асяродкам польскай культуры. Толькі пасьля далучэньня да Польшчы Літвы і Беларусі асяродак Польскай дзяржавы мусіў перасунуцца з Кракава на паўночны ўсход, у Варшаву, і Малая Польшча страціла сваю політычную вагу. Пасьля падзелаў Польшчы і іншых політычных падзей двох мінулых стагодзьдзяў Малая Польшча апынулася ў руках трох вялікіх дзяржаў. Заходняя Галіччына і так званы Цешынскі Шлёнск належаў да Аўстрыі. Горны Шлёнск―да Прусіі, значыць да Нямеччыны, рэшта была пад заборам Расіі. Некаторай вольнасьцю і самаўрадам карысталася толькі Заходняя Галіччына, якая з гэтай прычыны зрабілася асяродкам польскага нацыянальнага руху. У Горным Шлёнску паляком жылося кепска, там палякаў прымушалі вучыцца па нямецку, немцам там належалі лепшыя землі, капальні, рудні гуты і фабрыкі, у той час, як палякі заставаліся толькі работнікамі на нямецкіх фабрыках. Таксама пераважна да немцаў належалі фабрыкі і капальні у расійскай частцы краіны; становішча палякаў і там было цяжкім. Пасьля вайны 1914-18 г.