трапляюцца паўсюды. Люднасьць краіны мяшаная. На Дарданэльскім паўвостраве пераважваюць грэкі, а на Босфорскім апроч іх жыве шмат туркаў, балгараў, жыдоў, армянаў, чаркесаў, якія пасяліліся тут з таго часу, як Расія заўладала Каўказам, цыганоў і г. д.
Лежачы на скрыжаваньні сухаземнай дарогі з Эўропы ў Азію і морскага шляху з Чорнага мора ў Міжземнае, краіна пратокаў мае вялікую гандлёвую й вайсковую вагу. Збожжа з Украіны й Румыніі, лес, што сплаўляецца па Дняпры з Беларусі, нафта з Каўказу могуць трапіць на сусьветны рынак толькі праз гэтыя пратокі. Аднак валадары пратокаў заўсёды мелі магчымасьць "зачыняць" пратокі - не прапускаць праз іх чужаземных караблёў. Так было, напрыклад, у час італійска-турэцкай вайны. Туркі, якія ўладалі пратокамі, адмаўляліся прапускаць з Чорнага мора расійскія караблі, а гэта цяжка адбівалася на расійскім гандлі.
Зразумела, што краіна пратокаў з даўных часоў была смачным кавалкам, аб валаданьні якім марылі ўрады ўсіх суседніх дзяржаў. У сярэдзіне XV веку краіну захапіла Турэччына, якая адгэтуль распаўсюджвала сваю ўладу па ўсім Балканскім паўвостраве і нават па паўночным беразе Чорнага мора. Здаўна заўладаць пратокамі імкнуўся і расійскі ўрад, і многа разоў Расія білася за іх з Турэччынай. У час першай балканскай вайны 1912 г. заўладаць краінай марыла Балгарыя; потым, у час сусьветнай вайны, - Расія, потым - Грэцыя. Пасьля сусьветнай вайны краіну пратокаў вылучылі з уладаньняў Турэччыны і паставілі пад нагляд Антанты. На чале краіны, як раней, стаяў турэцкі султан. Аднак турэцкія нацыяналістыя ня прызналі пастаноў пераможцаў і стварылі асобны ўрад у асяродку Малой Азіі ў Ангоры. Гэты ўрад пачаў змаганьне з алепшыя для туркаў мірныя ўмовы. Жадаючы дабіцца вольнага пропуску для сваіх вайсковых караблёў праз пратокі, Вялікабрытанія падтрымала грэкаў, якія занялі ўзьбярэжжа Малой Азіі і пайшлі на Ангору, каб зьнішчыць непакорны ангорскі ўрад. Аднак туркі перамаглі грэкаў, выціснулі іх з з Малой Азіі і дабіліся беспасрэднага валаданьня краінай пратокаў і Ўсходняй Тракіяй. Разам з гэтымі валаданьнямі Турэччына абымае ў Эўропе прастору каля 27000 кв. клм. з 1600000 насельн. У Азіі знаходзіцца ядро Турэччыны (Малая Азія) з прасторай каля 710000 кв. клм. і 9 мільёнамі насельн. Да вайны 1914-18 г. апроч таго да Турэччыны належалі вялізныя прасторы Арабіі, Мэсопотаміі і Сірыі, з якіх цяпер утворана некалькі самастойных дзяржаў пад протэктарствам дзяржаў Антанты.
Усе выгоды географічнага палажэньня краіны злучаны ў сталіцы яе, у так званым Царгорадзе або Константынополі (больш за мільён насельнікаў), які ляжыць на эўропэйскім беразе Босфору абапал вузкай і даўгой бухты Залаты Рог, вельмі выгоднай для прыстою караблёў. Дзякуючы свайму палажэньню, ужо з пачатку сярэдніх вякоў Царгорад зрабіўся сусьветнай сталіцай, роўнай па сваёй вазе Рыму. Таго часу, як Рым быў асяродкам каталіцтва й латыньскай культуры, Царгорад, які зваўся тады