Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У асяродку Ўсходняй Румэліі на вышняй Марыцы ляжыць Пловдыв (Філіпополь, 63000 нас.) на дарозе Белград-Царгорад. Тут пашырыўся выраб паперы, шоўку і скуры і гандаль рожавым алеем. Ніжэй, каля сутокі Марыцы й Тунджы, на тэй самай дарозе ляжыць асяродак Усходняй Тракіі - Одрын (Адрыянополь, 50 тыс. нас.). Гэта даўнейшая сталіца, а потым магутная крэпасьць Турэччыны, у якой да сяго часу захавалася шмат старасьвецкіх турэцкіх будынкаў і магомэтанскіх мячэцяў. Одрын вырабляе рожавы алей, шоўк скуру. Ніжэй яго па Марыцы пачынаецца параходны рух. Пасьля доўгіх спрэчак і дзесяцёхгадовых войн між Балгарыяй, Турэччынай і Грэцыяй Одрын застаўся за Турэччынай.

Сталіца Балгарскай дзяржавы Софія (154 тыс. насел.), як Пловдыв і Одрын, ляжыць на чыгунцы Белград-Царгорад у тым месцы, дзе сходзяцца пачаткі важных балгарскіх рэк (каля падставы масыву Вітош). Гэта політычны, культурны і прамысловы асяродак усёй Балгарыі з парлямэнтам, унівэрсытэтам і значнымі фабрыкамі шоўкавых, ваўняных і скураных вырабаў.

У Македоніі каля аднаназоўнай затокі Эгэйскага мора ляжыць вельмі важная прыстань Салёнікі (або Солунь, каля 170 т. нас.). Гэты горад належыць да Грэцыі, але мае большую вагу для Македоніі і Ўсходняй Сэрбіі, з якімі ён злучан чыгункай і продукты якіх ён вывозіў на сусьветны рынак яшчэ ў час панаваньня туркаў (да 1912 году).

У ваколіцах Салёнікаў у дэльце Вардару знаходзіцца досыць вялікая нізіна, якая ў даўныя вякі славілася сваёй ураджайнасьцю. За час панаваньня туркаў гэтая нізіна часткай перавярнулася ў балоты, часткай зрабілася сухім стэпам, гожым адно на пашу для авечак.

Паўднёва-ўсходнія ўскрайкі Балканскага паўвострава, галоўным чынам другарадныя паўвостравы Босфорскі й Дарданэльскі, што ляжаць на эўропэйскім беразе аднаназоўных пратокаў, можна вылучыць у асобную "краіну пратокаў".

Да гэтай краіны можна далучыць і паўвостравы Скутарыйскі ды Трояду, якія ляжаць на азійскім беразе пратокаў і мала чым адразьняюцца ад суседніх частак Эўропы.

Дарданэльская пратока, што злучае Мармурнае мора з Эгэйскім, і Босфор, які злучае тое самае Мармурнае мора з Чорным, маюць выгляд шырокіх лучыстых рэк.

Быў такі час, што й запраўды гэтыя пратокі былі далінамі рэк, а на месцы іх была сухаземная сувязь Эўропы з Азіяй.

Берагі пратокаў адзначаюцца падзваротнікавым кліматам. Праўда, тут яшчэ кепска ўзрастае алейнае дрэва, мала й макісаў (успомні, што такое макісы і дзе яны сустракаюцца), але купрэсы, ляўры й мірты